Інстытут культуры Беларусі будзе супрацоўнічаць з МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Інстытут культуры Беларусі пачне работу ў бягучым годзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства культуры Святлана Шыцікава.

Рашэнне стварыць Інстытут культуры прынята ўрадам краіны па прапанове Міністэрства культуры. Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці Інстытута вызначаны навукова-метадалагічнае, прагнозна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці сферы культуры і мастацтва краіны, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў сферы культуры і мастацтва, ахова гісторыка-культурнай спадчыны і рэстытуцыя (узнаўленне) культурных каштоўнасцей. Інстытут ставіць сабе за мэту шырокую прэзентацыю беларускай культуры за мяжой, а таксама падтрыманне супрацоўніцтва з беларусамі замежжа (у тым ліку, з грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына").У бліжэйшы час Інстытут зоймецца распрацоўкай праграмы "Беларусы ў свеце". Інстытут культуры ствараецца на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, які выходзіць са складу структурных падраздзяленняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сярод абавязацельстваў Інстытута - забеспячэнне дзейнасці Камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі па знаходжанню, вяртанню, сумеснаму выкарыстанню і ўвядзенню ў навуковы і культурны абарот нацыянальных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Спецыяльна для гэтага плануецца стварыць адпаведны аддзел Інстытута. Акрамя таго, у структуру Інстытута культуры будзе ўключаны цэнтр захавання спадчыны вуснай традыцыі беларусаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

"БЕЛТА"