Гістарычны цэнтр Мінска амаль не пацярпеў у вайну

Доўгія дзесяцігоддзі савецкая, а потым і беларуская прапаганда запэўнівала, што Мінск быў амаль дашчэнту знішчаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Калі ж даследчыкі атрымалі доступ да беларускіх і нямецкіх архіваў, стала зразумела, што нам хлусілі.

Доўгія дзесяцігоддзі савецкая, а потым і беларуская прапаганда запэўнівала, што Мінск быў амаль дашчэнту знішчаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Калі ж даследчыкі атрымалі доступ да беларускіх і нямецкіх архіваў, стала зразумела, што нам хлусілі. Наколькі Мінск пацярпеў ў апошняй вайне і хто прыклаў руку да ягонага руйнавання? Пра гэта TUT.BY распавялі знаўцы гісторыі і сучаснасці сталіцы. Вайна знішчыла толькі палову мінскай забудовыМінск, які ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам - адзін з найстаражытных гарадоў на славянскіх абшарах. Гэтак, Масква паўстала на 100 год пазней, Кракаў - на 200, Варшава з Вільняй - на 300. Пры гэтым склалася ўнікальная сітуацыя: горад з 1000-гадовай гісторыяй амаль страціў гістарычны цэнтр...

Верхні горад у 1939-м.
Верхні горад у 1939-м.
“У сучаснай гісторыі архітэктуры актыўна мусуецца легенда, што ў часе Другой сусветнай вайны ў Менску было зруйнавана 80% будынкаў, - распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. - Аднак існуе ўнікальны дакумент - дакладная запіска Мінгарвыканкама ў ЦК кампартыі БССР, якая датуецца вераснем 1944 года. То бок, праз два месяцы пасля вызвалення горада. Ваенныя страты капітальнага жылога і грамадскага фонду ў ёй ацэньваліся ў 53%”. Па словах краязнаўцы, ёсць таксама красамоўныя архіўныя матэрыялы - нямецкія планы акупаванага Мінска (ад восені 1941-га да пачатку 1944-га), на якіх прыхадні старанна наносілі стрыхоўкай зруйнаваныя кварталы. “На іх бачна, што гістарычны цэнтр Мінска - амаль увесь абшар Верхняга гораду, сённяшнія вуліцы Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная, Няміга, Ракаўскае і Траецкае прадмесці - захаваўся, - кажа Антон Астаповіч. - Пацярпелі два сегменты: было зруйнаванае замчышча (у раёне сённяшніх “Працоўных рэзерваў”) і да “каробак” выпалены два кварталы Казьмадзям’янаўскай вуліцы на спуску ад Кафедральнага сабору”.
Нямецкая аэрафотаздымка на пачатку вайны. Фота: Bundesarchiv
Нямецкая аэрафотаздымка на пачатку вайны. Фота: Bundesarchiv
Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў, віхур вайны прайшоўся ў асноўным па архітэктуры, якая фармавалася ў Мінску ў другой палове 19 ст. “Яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя, калі ў Расійскай імперыі пачаў развівацца капіталізм, у Мінску жыло 40 тысяч чалавек. У канцы стагоддзя - ужо 100 тысяч! Адпаведна, хуткімі тэмпамі горад рос і ўшыркі, за межамі гістарычнага цэнтру. Менавіта лінія вуліцы Савецкай (сёння - праспект Незалежнасці) і прыняла на сябе асноўныя руйнаванні ў апошнюю вайну”. Знішчалі і СаветыДоктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека развейвае і другую легенду, маўляў, ваенныя разбурэнні - справа рук адно нацыстаў. “Перад адступленнем Чырвонай Арміі органы ўнутранай бяспекі і вынішчальныя атрады падпальвалі будынкі, каб нічога не пакінуць немцам. Таму пажары пачаліся не толькі ад нямецкіх налётаў, але і ў выніку дзейнасці бальшавікоў. Падчас акупацыі Мінск цярпеў ад бамбардзіровак з савецкай тэрыторыі. Значным выпрабаваннем для горада стаў штурм Чырвонай Арміі і выгнанне немцаў 3 ліпеня 1944 года. Потым гэтыя разбурэнні былі залічаны на рахунак нацыстаў і ўключаны ў лік рэпарацый”, - адзначае лепшы знаўца гісторыі сталіцы, аўтар кніг “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” і “Мінск 100 гадоў таму”.Вядома, што падчас нямецкай акупацыі мінчукі перажылі тры маштабныя савецкія бамбаванні ў “чырвоныя дні календара”: 8 сакавіка 1942 года, 1 траўня 1943 і ўсяго за некалькі тыдняў да вызвалення - у чэрвені 1944-га.
Мінск у 1944-м.
Мінск у 1944-м.
Антон Астаповіч дадае, што немцы бамбавалі ў першыя дні вайны - “сыпнулі” па горадзе ў асноўным запальваючымі бомбамі. Савецкая ж авіяцыя руйнавала Мінск фугаснымi бомбамі. “І гэта таксама пацвярджаецца, напрыклад, нямецкай аэрафотаздымкай. Калі параўнаць здымкі часоў акупацыі Мінска з нямецкага Бундэсархіву з савецкімі здымкамі пасля вызвалення горада, гэта, як той казаў, дзве вялікія розніцы”. Па вайне дабівалі недабітае Пры ўсім пры тым старшыня Таварыства аховы помнікаў заўважае, што з большага Мінск быў пашкоджаны ў вайну пажарамі, і нават ўздоўж найбольш пацярпелай вуліцы Савецкай “захаваліся “каробкі” дамоў, у якіх проста пазгаралі драўляныя перакрыцці”. “Таму нават тыя пашкоджаныя кварталы можна і трэба было адраджаць”, - заключае краязнаўца.
Гістарычны цэнтр Мінска ў 1950-я гг.
Гістарычны цэнтр Мінска ў 1950-я гады.
Але... “Пакуль у Варшаве, Дрэздэне, Ковентры аднаўлялі гістарычную забудову, у нас дабівалі і тое нямногае, што засталося, з Мінску рабілі ўзорны сацыялістычны горад. А гэта вымагала вялікіх ахвяраў”, - працягвае Захар Шыбека, дадаючы што “паваенныя разбурэнні па сваім маштабе не надта саступалі ваенным”.Усяго некалькі месяцаў назад маладыя архітэктары Андрэй Ларры і Антон Вантух, працуючы над праектам рэгенерацыі аўтэнтычнай забудовы на вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай), натрапілі на ўнікальныя дакументы. У Беларускім архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі яны адшукалі паваенныя (1949-53 гады) планы будынкаў на былой Гандлёвай, якія практычна не пацярпелі ў апошнюю вайну, але ў 1960-х былі асуджаны да зносу з сімвалічнымі фармулёўкамі: "По причине реконструкции ", "Снос по кап.ремонту " і г.д.
1967 г. Знос будынка па былой Гандлёвай, 52
1967 год. Знос будынка па былой Гандлёвай, 52 "по реконструкции".

На думку экспертаў, найвялікшым злачынствам Саветаў стала пракладанне праз Нямігу Паркавай магістралі (праспекта Машэрава-Пераможцаў), якая ці не назаўжды паставiла крыж адразу на двух гістарычных цэнтрах - Верхнім і Ніжнім горадзе.Справу савецкіх гора-будаўнікоў працягнулі іх нашчадкі ў суверэннай Беларусі. “За мінулыя 15 год амаль усе аўтэнтычныя забудовы ў гістарычным цэнтры Мінска былі знесены, зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая ), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя падробкі”, - распавядаў у інтэрв’ю TUT.BY гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.“Рэальна аднавіць гістарычнае аблічча ўжо немагчыма. Добра, калі ў Мінску захавалася каля двух соцень дамоў, якім больш за сто гадоў. Аднак і яны ў значнай ступені знаходзяцца ў перабудаваным выглядзе", - адзначаў у адным з інтэрв’ю TUT.BY Захар Шыбека, які мае намер напісаць кнігуАўтар дзякуе Паўлу Каралёву за прадстаўленыя да- і паваенныя здымкі горада.

Кастусь Лашкевіч, Tut.by