Доўгія дзесяцігоддзі савецкая, а потым і беларуская прапаганда запэўнівала, што Мінск быў амаль дашчэнту знішчаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Калі ж даследчыкі атрымалі доступ да беларускіх і нямецкіх архіваў, стала зразумела, што нам хлусілі.
Доўгія дзесяцігоддзі савецкая, а потым і беларуская прапаганда запэўнівала, што Мінск быў амаль дашчэнту знішчаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Калі ж даследчыкі атрымалі доступ да беларускіх і нямецкіх архіваў, стала зразумела, што нам хлусілі. Наколькі Мінск пацярпеў ў апошняй вайне і хто прыклаў руку да ягонага руйнавання? Пра гэта TUT.BY распавялі знаўцы гісторыі і сучаснасці сталіцы. Вайна знішчыла толькі палову мінскай забудовыМінск, які ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам - адзін з найстаражытных гарадоў на славянскіх абшарах. Гэтак, Масква паўстала на 100 год пазней, Кракаў - на 200, Варшава з Вільняй - на 300. Пры гэтым склалася ўнікальная сітуацыя: горад з 1000-гадовай гісторыяй амаль страціў гістарычны цэнтр...
|
Верхні горад у 1939-м. |
“У сучаснай гісторыі архітэктуры актыўна мусуецца легенда, што ў часе Другой сусветнай вайны ў Менску было зруйнавана 80% будынкаў, - распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. - Аднак існуе ўнікальны дакумент - дакладная запіска Мінгарвыканкама ў ЦК кампартыі БССР, якая датуецца вераснем 1944 года. То бок, праз два месяцы пасля вызвалення горада. Ваенныя страты капітальнага жылога і грамадскага фонду ў ёй ацэньваліся ў 53%”. Па словах краязнаўцы, ёсць таксама красамоўныя архіўныя матэрыялы - нямецкія планы акупаванага Мінска (ад восені 1941-га да пачатку 1944-га), на якіх прыхадні старанна наносілі стрыхоўкай зруйнаваныя кварталы. “На іх бачна, што гістарычны цэнтр Мінска - амаль увесь абшар Верхняга гораду, сённяшнія вуліцы Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная, Няміга, Ракаўскае і Траецкае прадмесці - захаваўся, - кажа Антон Астаповіч. - Пацярпелі два сегменты: было зруйнаванае замчышча (у раёне сённяшніх “Працоўных рэзерваў”) і да “каробак” выпалены два кварталы Казьмадзям’янаўскай вуліцы на спуску ад Кафедральнага сабору”. |
Нямецкая аэрафотаздымка на пачатку вайны. Фота: Bundesarchiv |
Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў, віхур вайны прайшоўся ў асноўным па архітэктуры, якая фармавалася ў Мінску ў другой палове 19 ст. “Яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя, калі ў Расійскай імперыі пачаў развівацца капіталізм, у Мінску жыло 40 тысяч чалавек. У канцы стагоддзя - ужо 100 тысяч! Адпаведна, хуткімі тэмпамі горад рос і ўшыркі, за межамі гістарычнага цэнтру. Менавіта лінія вуліцы Савецкай (сёння - праспект Незалежнасці) і прыняла на сябе асноўныя руйнаванні ў апошнюю вайну”. Знішчалі і СаветыДоктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека развейвае і другую легенду, маўляў, ваенныя разбурэнні - справа рук адно нацыстаў. “Перад адступленнем Чырвонай Арміі органы ўнутранай бяспекі і вынішчальныя атрады падпальвалі будынкі, каб нічога не пакінуць немцам. Таму пажары пачаліся не толькі ад нямецкіх налётаў, але і ў выніку дзейнасці бальшавікоў. Падчас акупацыі Мінск цярпеў ад бамбардзіровак з савецкай тэрыторыі. Значным выпрабаваннем для горада стаў штурм Чырвонай Арміі і выгнанне немцаў 3 ліпеня 1944 года. Потым гэтыя разбурэнні былі залічаны на рахунак нацыстаў і ўключаны ў лік рэпарацый”, - адзначае лепшы знаўца гісторыі сталіцы, аўтар кніг “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” і “Мінск 100 гадоў таму”.Вядома, што падчас нямецкай акупацыі мінчукі перажылі тры маштабныя савецкія бамбаванні ў “чырвоныя дні календара”: 8 сакавіка 1942 года, 1 траўня 1943 і ўсяго за некалькі тыдняў да вызвалення - у чэрвені 1944-га. |
Мінск у 1944-м. |
Антон Астаповіч дадае, што немцы бамбавалі ў першыя дні вайны - “сыпнулі” па горадзе ў асноўным запальваючымі бомбамі. Савецкая ж авіяцыя руйнавала Мінск фугаснымi бомбамі. “І гэта таксама пацвярджаецца, напрыклад, нямецкай аэрафотаздымкай. Калі параўнаць здымкі часоў акупацыі Мінска з нямецкага Бундэсархіву з савецкімі здымкамі пасля вызвалення горада, гэта, як той казаў, дзве вялікія розніцы”. Па вайне дабівалі недабітае Пры ўсім пры тым старшыня Таварыства аховы помнікаў заўважае, што з большага Мінск быў пашкоджаны ў вайну пажарамі, і нават ўздоўж найбольш пацярпелай вуліцы Савецкай “захаваліся “каробкі” дамоў, у якіх проста пазгаралі драўляныя перакрыцці”. “Таму нават тыя пашкоджаныя кварталы можна і трэба было адраджаць”, - заключае краязнаўца. |
Гістарычны цэнтр Мінска ў 1950-я гады. |
Але... “Пакуль у Варшаве, Дрэздэне, Ковентры аднаўлялі гістарычную забудову, у нас дабівалі і тое нямногае, што засталося, з Мінску рабілі ўзорны сацыялістычны горад. А гэта вымагала вялікіх ахвяраў”, - працягвае Захар Шыбека, дадаючы што “паваенныя разбурэнні па сваім маштабе не надта саступалі ваенным”.Усяго некалькі месяцаў назад маладыя архітэктары Андрэй Ларры і Антон Вантух, працуючы над праектам рэгенерацыі аўтэнтычнай забудовы на вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай), натрапілі на ўнікальныя дакументы. У Беларускім архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі яны адшукалі паваенныя (1949-53 гады) планы будынкаў на былой Гандлёвай, якія практычна не пацярпелі ў апошнюю вайну, але ў 1960-х былі асуджаны да зносу з сімвалічнымі фармулёўкамі: "По причине реконструкции ", "Снос по кап.ремонту " і г.д. |
1967 год. Знос будынка па былой Гандлёвай, 52 "по реконструкции". |
На думку экспертаў, найвялікшым злачынствам Саветаў стала пракладанне праз Нямігу Паркавай магістралі (праспекта Машэрава-Пераможцаў), якая ці не назаўжды паставiла крыж адразу на двух гістарычных цэнтрах - Верхнім і Ніжнім горадзе.Справу савецкіх гора-будаўнікоў працягнулі іх нашчадкі ў суверэннай Беларусі. “За мінулыя 15 год амаль усе аўтэнтычныя забудовы ў гістарычным цэнтры Мінска былі знесены, зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая ), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя падробкі”, - распавядаў у інтэрв’ю TUT.BY гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.“Рэальна аднавіць гістарычнае аблічча ўжо немагчыма. Добра, калі ў Мінску захавалася каля двух соцень дамоў, якім больш за сто гадоў. Аднак і яны ў значнай ступені знаходзяцца ў перабудаваным выглядзе", - адзначаў у адным з інтэрв’ю TUT.BY Захар Шыбека, які мае намер напісаць кнігуАўтар дзякуе Паўлу Каралёву за прадстаўленыя да- і паваенныя здымкі горада.
Кастусь Лашкевіч, Tut.by