ТБМ патрабуе ад уладаў падтрымаць беларускую мову

Улады павінны прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Такую заяву Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прыняў на паседжанні 31 жніўня. Сакратарыят ТБМ нагадвае, што з 1 верасня ўступае ў сілу Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, павялічваецца колькасць гадзін на навучанне замежнай мовы. “Здаецца, тое ж трэба зрабіць і з беларускай мовай, дадаць колькасць гадзін, вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах на родную мову, а таксама экзамен па беларускай літаратуры. Але Міністэрства адукацыі пра беларускую мову дбаць не збіраецца і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску скарацілася да 18%. Зараз у першы клас ідуць дзеці, якія ніколі не чулі дома беларускай мовы, бо іхнія бацькі і дзяды, што жывуць у вялікіх і малых гарадах, згубілі повязь з родным беларускамоўным асяродкам, гавораць дома ў асноўным на “трасянцы””, - ідзецца ў заяве. Сакратарыят ТБМ запатрабаваў ад уладаў распрацаваць і ў бліжэйшы час прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, “як гэта зроблена ў многіх краінах, што дбаюць пра захаванне і развіццё культуры свайго народу”.

Tut.by