Лукашэнка распарадзіўся дапамагчы Рыжскай беларускай школе

Лукашэнка даў даручэнне ўраду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму аказаць усебаковую дапамогу Рыжскай беларускай школе. Пра гэта паведаміла прэс-служба Адміністрацыі прэзідэнта.

Для арганізацыі працы на высокім узроўні школа ў Рызе атрымае з Беларусі мэблю, навучальнае абсталяванне, кампутары, спартыўны інвентар, падручнікі, цацкі і ўсё, што трэба для паўнавартаснай вучобы і вольнага часу.

Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама арганізаваць штогадовы адпачынак навучэнцаў Рыжскай беларускай школы ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” і іх экскурсіі ў Беларусь, а таксама арганізаваць запрашэнні для рыжскіх школьнікаў на дабрачыннае навагодняе свята ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.

Рыжская беларуская школа была створаная ў 1994 годзе. Гэта адзіная беларуская школа ў Латвіі. Колькасць жадаючых атрымаць адукацыю ў ёй пастаянна расце. У цяперашні час там навучаецца 130 дзяцей, 70% з якіх — этнічныя беларусы.

“БЕЛТА”