З 1 верасня пачнём карыстацца абноўленым беларускім правапісам
Засталося менш за месяц да афіцыйнай змены беларускага правапісу. Яго новая рэдакцыя ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. Новаўвядзенні прыняты згодна з законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Змены ў правілах датычацца пашырэння перадачы акання ў запазычаных словах, напісання “ў” у словах іншамоўнага паходжання, ужывання вялікай і малой літар, напісання складаных і складанаскарочаных слоў, правілаў пераносу слоў. Рэфарматары запэўніваюць, што “мадэрнізацыя” асаблівых цяжкасцей пры вывучэнні не выкліча. Нават наадварот, аблегчыць жыццё і вучням, і студэнтам, і выкладчыкам. А што думаюць на гэты конт людзі, непасрэдна звязаныя з ужываннем беларускай мовы на пісьме?
Мікалай Аляхновіч, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна:
– Сама рэформа, па сутнасці, даўно наспела. Апошнія правілы выйшлі ў 1959 годзе – прайшло паўстагоддзя. Зразумела, што мова на месцы не стаіць, яна мяняецца. Гэтыя змены самі па сабе паціху прасочваліся ў моўную плынь. З’яўляліся нормы, нават не ўзаконеныя, былі надрукаваны слоўнікі, якія гэтую норму давалі як правіла, хаця рэформы не было. Трэба пісаць правільна, на дзяржаўна ўзаконеных моўных прыярытэтах, а не так, як хочацца. Другая справа, што новая рэдакцыя правапісу ўсё роўна не расставіла ўсіх кропак над “і”. Многае засталося “за кадрам”. Падлічыце, колькі заўваг і спасылак “глядзіце ў слоўніку”. Але ж ніякі слоўнік усёй лексікі не змесціць. Дык дзе ж чалавеку шукаць правільны варыянт, калі ён не даецца навукоўцамі?
Другая праблема – тэставанне тых, хто навучаўся па старых правілах. Ёсць пазіцыя, што выпускнікі яшчэ два гады будуць здаваць тэсты па старым правапісе.
У практычным засваенні мовы ў сценах універсітэта будучыя настаўнікі адпрацоўваюць спрэчныя моманты, шукаюць адказы на пытанне: “Як усё ж такі трэба?” Што да непасрэднага засваення курсу беларускай мовы студэнтамі, то яны вывучаюць яе развіццё ад самага пачатку і да сучаснага стану, нават з аглядкай на перспектыву “што можа быць”. Без гэтых ведаў выпускнік не здолее растлумачыць, што сёння адбываецца ў пісьмовай мове. А яна тым часам пойдзе далей, і зноў мы будзем думаць пра новыя спрашчэнні і ўдакладненні ў правапісе беларускай мовы.
Вольга Куц, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 г. Брэста:
– Асабліва цяжка прыйдзецца вучням сярэдняга звяна – 6-8 класаў. Вядома, будуць праблемы, бо нялёгка звыкнуцца з новым напісаннем слоў і забыцца на “старое правільнае”, якое стане памылковым. Задача настаўнікаў – дапамагчы дзецям хутчэй засвоіць змены. Я і мае калегі прайшлі курс па новай рэдакцыі ў правапісе, здавалі залік. З новага навучальнага года на кожным уроку пачнем праводзіць арфаграфічныя хвілінкі, на якіх будуць вывучацца асноўныя змены ў новым правапісе. Таксама ў кожным класе запланаваны факультатывы па вывучэнні новых правілаў беларускай мовы.
Ганна Гарустовіч, студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ:
– Калі я вучылася ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава, размова пра ўвядзенне новых правілаў толькі пачыналася. Тады мы ўсе хваляваліся, што будзе цяжка перавучвацца і ў тэстах па мове наробім шмат памылак. Цяпер падчас напісання тэкстаў машынальна ўспамінаю патрэбнае новае правіла. Таму асабіста на мяне новы правапіс глабальна ўплываць не будзе. А вось розным установам і арганізацыям прыйдзецца раскашэліцца на абноўленыя шыльдачкі, дзе назва будзе напісана згодна з актуальнымі правіламі. Напрыклад, у надпісе “Беларускі дзяржаўны універсітэт” пачатковую літару “у” неабходна будзе перарабіць на “ў”.
Валерый Гапееў, пісьменнік, аўтар прозы для падлеткаў:
– Асабіста я не бачыў ніякіх падставаў для змянення правапісу. Адзінае – гэта змякчэнне на пісьме мяккіх пры вымаўленні зычных у словах кшталту песня, ранне. Мы не ставім мяккі знак і тым самым парушаем тое самае правіла, якое гучыць літаральна з першых урокаў: “Як чуем, так і пішам”. Але ўвядзенне менавіта такога правапісу выкліча вельмі вялікую складанасць для вучняў, бо простым яно быць не абяцае. Мо таму на яго і не адважыліся?
А вось што тычыцца ўжывання “ў” у словах замежнага паходжання – універсітэт, універсам, універсальны, то гэта для мяне цалкам незразумела, надумана і не прадумана. Гэтая літара звычайна мяняецца ў рускай мове на “в”. У нашай мове гэты гук таксам гучыць падобна да гука “в”. Але, выбачайце, у рускай мове няма внімермага і вніфікацыі. Ёсць універмаг і уніфікацыя. А цяпер паспрабуйце сказаць ўніверсітэт... А як для саміх распрацоўшчыкаў гучыць “мая ўніятка”? Мая вніятка? Смешна было б, каб не было так сумна, бо гэта “папраўка” зноў жа з ног на галаву ставіць правіла “Як чуем, так і пішам”. Незразумела, чым кіраваліся распрацоўшчыкі такой нормы – хіба ў нас вялікія складанасці з правапісам “у нескладовага”? Хіба так многа замежных слоў на літару “у”?
Зрэшты, хай гэта будзе гучаць крыўдна, але колькі за апошнія гады было ў нас спробаў рэфармаваць адукацыю? І чым скончылася? Хто-небудзь падлічыў, колькі грошай з’ела ўвядзенне 12-гадовага навучання, а потым яго адмена? Дык вось, сама распрацоўка новых правілаў – грошы. Іх увядзенне – таксама грошы (трэба ж друкаваць безліч дапаможнай літаратуры, карэктаваць выданні падручнікаў і г. д.). Цяпер пытанне: навошта трэба пісаць ўніверсітэт, а не універсітэт? Чым гэта абумоўлена? Няўжо гэта такое важнае для нашай адукацыі пытанне, што на яго вырашэнне трэба тэрмінова выцягваць грошы з не такой ужо і багатай бюджэтнай кішэні?
Кацярына Радзюк, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ
Прынцыповыя змены ў беларускім правапісе
• пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Напрыклад: трыа, адажыа, Ватэрлоа. У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы –эр, -эль прапанавана перадаваць як –ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар, але: Одэр, Юпітэр (уласныя імёны іншамоўнага паходжання);
• паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;
• пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна, але: траур;
• уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам, інтэрпал і г. д.;
• уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Напрыклад: чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі;
• упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д. Напрыклад: візіт прэзідэнта, але: візіт Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі;
• з вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;
• у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;
• рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава– (-ява-) і –ірава– (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г. д.;
• са зводу правіл выключаны раздзелы “Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў”. Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;
• уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;
• спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям. Напрыклад, слова “сястра” раней для пераносу дзялілася так: ся-стра, сяст-ра. Цяпер: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра.