У Беларусі ўрэгуляваны некаторыя пытанні набыцця і выхаду з грамадзянства

У Беларусі ўрэгуляваны некаторыя пытанні, звязаныя з грамадзянствам. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня падпісаў указ нумар 422, якім унесены дапаўненні і змяненні ў некаторыя ўказы Прэзідэнта і прызнаны страціўшым сілу ўказ ад 20 жніўня 1997 года нумар 428, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта.

Дакументам карэкціруецца шэраг указаў Прэзідэнта ў мэтах прывядзення іх у адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь" і ўказам ад 26 красавіка 2010 года нумар 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян", а таксама з улікам правапрымяняльнай практыкі. Дапаўненні і змяненні ў асобныя нормы актаў кіраўніка дзяржавы накіраваны, у прыватнасці, на ўдакладненне падстаў для адмовы ў разглядзе заяў аб набыцці грамадзянства. Так, прадугледжана адмова ў разглядзе такіх заяў, пададзеных асобамі, якія маюць судзімасць за ўчыненне злачынстваў незалежна ад катэгорыі цяжкасці, і асобамі, якія шматразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Урэгуляваны пытанні выхаду з грамадзянства Рэспублікі Беларусь непаўналетніх дзяцей без спынення грамадзянства іх бацькоў у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права непаўналетніх на змяненне грамадзянства. Такі выхад магчымы па заяве бацькоў (адзінага бацькі або маці), якая падаецца на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у органы ўнутраных спраў або ў органы дыпламатычнай службы. Таксама вызначаны парадак набыцця, перадачы ў валоданне, уліку, захоўвання, выкарыстання, увозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вывазу з яе зброі і боепрыпасаў да яе асобамі без грамадзянства; прадастаўлена права асобам без грамадзянства праходзіць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а таксама абараняць дысертацыі. Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

"БЕЛТА"