Як TUT.BY ужо распавядаў, 15 сакавіка Камiсiя па найменаваннi i перайменаваннi вуліц пры Мiнгарвыканкаме (у яе склад уваходзяць гарадскія чыноўнікі, дэпутаты Мінгарсавету, галоўны мастак і прадстаўнікі грамадскасці) прыняла рашэнне аб перайменаванні шэрагу сталічных артэрый. Гэтак, вуліца Герцэна павінна была стаць Бернардынскай, Дзімітрава - Пятніцкай, Рэвалюцыйная - Койданаўскай, Вызвалення - Уваскрасенскай, Камунальная ўзбярэжная - Траецкай узбярэжнай. Апроч таго, станцыя метро “Плошча Леніна” мусіла атрымаць назву “Плошча Незалежнасці”, якую ўжо насіла з 1992 па 2003 год.Паводле закону, рашэнне Камісіі было надрукавана ў прэсе, пасля чаго цягам двух тыдняў кожны ахвочы мог дасылаць свае заўвагі і прапановы. З улікам грамадскай думкі дэпутаты Мінгарсавета 25-га склікання мелі прыняць канчатковае рашэнне яшчэ напрыканцы сакавіка - пачатку красавіка. Аднак не паспелі зрабіць гэтага да сканчэння чатырохгадовага тэрміну паўнамоцтваў.Па словах Вольгі Лукашук, да іх прыйшло шмат водгукаў ад мінчукоў - як станоўчых, гэтак і адмоўных. “Сітуацыя з перайменаваннем “Плошчы Леніна” неадназначная. Ветэранскія арганізацыі супраць. Таму Камiсiя па найменаваннi i перайменаваннi вуліц пры Мінгарвыканкаме вернецца да разгляду гэтага пытання ў верасні”, - адзначыла ў размове з намі чыноўнік. Калі ж Камісія ўсё ж ухваліць перайменаванне “Леніна” у “Незалежнасці”, матэрыялы будуць перададзеныя на разгляд Мінгарсавета 26-га склікання. Праўда, адзін з сяброў сталічнай Камiсiі па перайменаваннi, які прасіў не называць свайго імя, падзяліўся з TUT.BY, што мае вялікія сумневы адносна станоўчага вырашэння гэтага пытання. “Надта ўжо складаная і канфліктная сітуацыя”, - сказаў эксперт.
Кастусь Лашкевіч, tut.by