Арганізатары старэйшага фэстывалю аўтарскай песьні абвесьцілі прыём заяваў на конкурсную частку «Бардаўскай восені — 2010». Фэстываль пашырыў сваю стылістычную накіраванасьць, таму на ім прадстаўляецца творчасьць ня толькі бардаў, але і акустычных бэндаў, дуэтаў, трыё ды рок-гуртоў у фармаце unplugged. Найбольш годнага ўдзельніка фэсту ў Бельску абяруць наведнікі «Тузіна Гітоў».
Бардаўская ВосеньЗьвяз Беларускай Моладзі абвяшчае чарговую восень аўтарскай песьні. Традыцыйна на Беласточчыне ў Польшчы пройдзе самы душэўны фэстываль беларускай песьні «Бардаўская восень». Фэст з шматгадовай гісторыяй у 2010 годзе будзе праходзіць у 17 раз.Штовосень з фэстывальнай сцэны гучаць песьні лепшых айчынных выканаўцаў, у ліку якіх Алесь Камоцкі, Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Тацьцяна Беланогая, Лявон Вольскі і акустычны N.R.M., гурт «Босае сонца», праект «Народны альбом», Юры Несьцярэнка, Алег Кабзар ды шмат іншых. Акрамя добра вядомых выканаўцаў, штогод у конкурснай праграме фэстывалю паказвае сваю творчасьць і маладое пакаленьне бардаў ды акустычных гуртоў. У апошнія гады фэстываль пашырыў сваю стылістычную накіраванасьць і прадстаўляе таксама творчасьць акустычных бэндаў, дуэтаў, трыё ды рок-гуртоў у фармаце unplugged. Пацьверджаньнем таму пераможцы конкурснай праграмы леташняй «Бардаўскай восені» — гурт Re1іkt, якія прадставілі рокавы рэпэртуар у акустычным гучаньні ды ўзялі Гран-Пры фэстывалю.Сёлетняя «Бардаўская восень» зноў запрашае да ўдзелу ў конкурснай праграме фэстывалю выканаўцаў, якія ў той ці іншай праяве выконваюць аўтарскую беларускамоўную песьню. Адзіным крытэрам да ўдзелу ў конкурсе фэстывалю зьяўляецца наяўнасьць беларускамоўнага тэксту ў кампазыцыях выканаўцы, а таксама паўнагадовы ўзрост удзельнікаў.Для ўдзелу ў адборачным канцэрце на конкурсную праграму фэстывалю выканаўца мусіць даслаць заяўку на ўдзел разам з дэма-запісам на паштовую скрыню wosien@tut.by да 10 верасьня 2010 году ўключна.Адборачны канцэрт «Бардаўскай восені — 2010» адбудзецца ў Менску пры канцы верасьня, дзе кваліфікаваным журы будуць вызначаныя тыя выканаўцы, што на фэстывальнай сцэне ў Бельску (Польшча) пазмагаюцца за галоўныя прызы.Сёлета ў адборы на фэстываль будзе новаўвядзеньне. Адзін з прэтэндэнтаў можа трапіць у Бельск аўтаматычна, калі атрымае перамогу ў адмысловым галасаваньні, што будзе зладжана на сайце інфармацыйнага партнэра «Бардаўскай восені — 2010» — інтэрнэт-партале «Тузін Гітоў».Пытаньні датычныя фэстывалю, а таксама заяўкі выканаўцаў разам з дэма-запісамі можна дасылаць на скрыню wosien@tut.by
Спампаваць заяўку для ўдзелу ў конкурсе фэстывалю «Бардаўская восень — 2010»