Спявачка з Баранавічаў, сябра БХД Галіна Ярашэвіч падрыхтавала музычны альбом да 100-годдзя з дня нараджэння славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш пад назвай “Цябе спяваю”.
Назву аматарскаму альбому дала першая песня, якую напісала сама Галіна Ярашэвіч у гонар паэткі. Астатнія дзевяць песен на дыске створаныя на вершы Ларысы Геніюш. Сярод іх такія вядомыя, як “Дзяўчына”, “Было свята”, “На шчасце”, “Сонца ясна засвяціла”, “Начлежнікі”.Музыку да ўсіх песен напісала спадарыня Галіна. Паводле яе, гэта не бардаўская, а інструментальная музыка. Аранжыроўшчыкам выступіў сын Галіны Ярашэвіч Павал Зубік.Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года (па новаму стылю). Да гэтай даты БХД ладзіць цэлы шэраг урачыстых мерапрыемстваў, сустрэчаў, канцэртаў, імпрэзаў. У тым ліку быў абвешчаны паэтычны конкурс у гонар нашай славутай паэткі. Песня Галіны Ярашэвіч “Цябе спяваю” – удзельніца гэтага спаборніцтва. Плануецца, што ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца 7 жніўня ў Зэльве і 9 жніўня ў Менску.