Часопіс “ПрайдзіСвет” запрашае ўсіх ахвотных да ўдзелу ў новым конкурсе. Ён прымеркаваны да выхаду пятага-шостага нумару часопіса, прысвечанага жанчынам у літаратуры.
Вашай увазе прапануецца 8 вершаў з сямі моваў: ангельскай, нямецкай, гішпанскай, польскай, расійскай, украінскай, французскай. Найлепшыя пераклады будуць надрукаваныя ў наступным нумары часопіса.
Калі ў спісе аўтараў вы не знойдзеце таго, каго вам хацелася б перакласці, альбо той мовы, з якой вы перакладаеце, вы можаце звярнуцца да рэдакцыі (зноў жа па пошце альбо на форуме). Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, і з вашага жадання змесцім конкурс па гэтай мове. Адзінае абмежаванне – тэма нумару.
Гэтым разам рэдакцыя “ПрайдзіСвета” вырашыла крыху адысці ад ужо амаль сфармаванай традыцыі і звярнуцца па верш для Кубку майстра да “майстра” яшчэ даволі маладога. Такім чынам, верш для “майстарскай” рубрыкі абіраў перакладчык і пераможца трох папярэдніх конкурсаў “ПрайдзіСвета” і Кубку майстра Андрэй Стэфановіч. Прапанаваны ім верш – “Gedichte” Готфрыда Бэна.
Пераклады можна альбо даслаць на адрас рэдакцыі: rada@prajdzisvet.org, альбо размясціць на нашым форуме , дзе для конкурсаў створаны адпаведны раздзел, а для кожнага верша – адпаведная тэма.
Варта адзначыць, што другі спосаб больш пажаданы (праўда, не для Кубку Майстра), бо мае шэраг перавагаў: у такім выпадку ўдзельнікі конкурсаў змогуць пабачыць і абмеркаваць і пераклады іншых. Таксама гэта дасць магчымасць прадметна разгледзець ваш пераклад і дапрацаваць яго пры наяўнасці невялікіх хібаў. Для гэтага трэба толькі зарэгістравацца на форуме, націснуўшы на кнопку “Рэгістрацыя” на галоўнай старонцы форуму. У хуткім часе ваш уліковы запіс будзе актываваны адміністратарам, і вы атрымаеце доступ да ўсіх матэрыялаў форуму.
Пераклады прымаюцца да 15 жніўня.