Мінададукацыі разглядае магчымасць праводзіць ЦТ на працягу года

Міністэрства адукацыі Беларусі разглядае магчымасць праводзіць ЦТ на працягу навучальнага года, а таксама ўкараніць аўтаматызаваную сістэму залічэння ў ВНУ.

Пра гэта распавёў 17 чэрвеня падчас правядзення гарачай лініі ў рэдакцыі "Народнай газеты" міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У сістэму адукацыі ўсё больш прыходзяць новыя інфармацыйныя, камп'ютэрныя тэхналогіі. Так, у гэтым годзе абітурыенты змаглі ацаніць перавагі аўтаматызаванай рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне, ужо не першы год падчас уступнай кампаніі ў рэжыме онлайн можна атрымаць інфармацыю аб колькасці абітурыентаў, якія падалі заявы, і прахадныя балы. "Мы працуем над тым, каб значна больш задзейнічаць камп'ютэрныя і інфармацыйныя тэхналогіі. Думаем, што з часам не толькі рэгістрацыю зробім ў электронным выглядзе, але і залічэнне. Таксама вывучаем, як арганізаваць тэсціраванне на працягу ўсяго года", - сказаў Аляксандр Радзькоў. Кажучы пра перавагі ЦТ, ён адзначыў, што такая форма экзаменаў дазваляе школьніку паказаць веды ў поўным аб'ёме, няма суб'ектывізму, і, як вынік, ужо пяты год застаюцца практычна нязменнымі правілы прыёму. Яшчэ адзін плюс, на думку Аляксандра Радзькова, - у тым, што не прыходзіцца бацькам хвалявацца за сваіх дзяцей каля універсітэцкіх аўдыторый, школьнікі могуць выбраць спецыяльнасць згодна са сваім балам. "Дзеці робяць усвядомлены выбар, зыходзячы са сваіх магчымасцяў. Стала значна менш тых, хто не з’яўляецца на тэсціраванне. Калі раней гэтая лічба складала 10% ад запісаў, то зараз - не больш за 2%. Менш выдаляецца з аўдыторый. Дзеці разумеюць, што не варта парушаць правілы" , - сказаў Аляксандр Радзькоў. Па яго словах, беларускі досвед цікавы іншым краінам. Так, нядаўна з сістэмай ацэнкі ведаў школьнікаў у Беларусі знаёміліся спецыялісты з Туркменістана.

"БЕЛТА"