Выдадзены падрабязны турыстычны даведнік паўночнай Беларусі

Менскае выдавецтва "Квадрограф" выдала турыстычны атлас "Северная Беларусь". Адметнасць выдання палягае ў тым, што тут прадстаўлены адзін з самых поўных збораў мясцовых цікавостак.

Турыстычныя выданні, якія даводзілася бачыць дагэтуль, уражвалі сваёй аднастайнасцю ў пераліку помнікаў культуры і архітэктуры. Атлас "Северная Беларусь" з'яўляецца выключэннем - спіс цікавостак тут больш падрабязны, чым у іншых выданнях такога кшталту.

Прыкладам, выданне паведамляе пра існаванне на Глыбоччыне такіх аб'ектаў як млын у Зябках, валун Драздовіча каля Лучайкі, пахаванні нямецкіх салдатаў у Харашках. Таксама пададзены поўны пералік помнікаў прыроды, у якія ўвайшлі найбольш адметныя крыніцы і камяні.

Аўтары атласу спасылаюцца на "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь". Аднак бачна, што пералік аб'ектаў, змешчаны ў атласе, больш шырокі, чым у афіцыйным спісе.

І ўсё ж пералік нельга назваць поўным. Амаль адсутнічаюць сядзібы Глыбоччыны. Пазначаныя толькі Канстанцінаў Двор, Азярцы ды Залессе. Атлас "маўчыць" і пра турыстычную інфраструктуру Глыбоцкага раёна - не пазначаная ніводная з 16 аграсядзібаў.

Вельмі добра, што выдавецтвы надаюць больш увагі зместу турыстычнай літаратуры. Аднак, калі такая літаратура выдаецца ў Менску, хібы непазбежныя. Толькі калі за складанне і выданне даведнікаў возьмуцца мясцовыя краязнаўцы і грамадскія актывісты, можна спадзявацца на тое, што турысты будуць мець вычарпальную інфармацыю пра рэгіён.

***

Северная Беларусь. Атлас автотуриста. Минск, Квадрограф, 2010, - 48 с.

Кастусь Шыталь, westki.info