Лідзія Ярмошына: "Гэта альбо правакацыя, альбо танная сенсацыя…"

У інтэрнеце пайшлі гуляць чуткі, што быццам бы 16 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзіць на сваім пасяджэнні праект пастановы ніжняй палаты аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў.

І ў адпаведнасці з праектам гэтага дакумента, падрыхтаваным спецыяльна створанай дэпутацкай групай, прэзідэнцкія выбары прапаноўваецца прызначыць на 26 верасня.

— Што вы, гэта самая сапраўдная "утка", — пракаментавала факт "Народнай Волі" старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія ЯРМОШЫНА. — Нічога такога няма, і я наогул упершыню пра гэта чую. Гэта нехта вырашыў альбо запусціць правакацыю, альбо танную сенсацыю. Нічога такога не будзе, і больш таго — я абсалютна ўпэўнена, што мяне па меншай меры паставілі б у вядомасць і запрасілі б на пасяджэнне.

Алесь Святланіч, "Народная Воля"