Станіслаў Суднік ужо 4 гады выкладае гэты прадмет у Лідскім каледжы. Паняццю "стэнаграфія" (хуткапіс асаблівымі знакамі) больш за 400 гадоў (упершыню тэрмін ужыты ў Англіі Дж. Уілісам у 1602 годзе). А беларусы да нядаўняга часу сваёй сістэмы не мелі, карысталіся расійскай, вынайдзенай амаль 200 гадоў таму. Дарэчы, да рэвалюцыі стэнаграфія прыраўноўвалася ў Расійскай імперыі (куды ўваходзіла і Беларусь) да ведання замежнай мовы...
Гэтую недарэчнасць выправіў вядомы краязнаўца з Ліды Станіслаў СУДНІК. Спадар Станіслаў захапіўся стэнаграфіяй яшчэ ў школе, а колькі гадоў таму вырашыў выправіць хібу і распрацаваў беларускую сістэму стэнаграфіі.
Сістэма Судніка ўзятая не з неба — за аснову прынятая выпрабаваная і прызнаная руская сістэма Сакалова, паводле якой, між іншым, створана і польская сістэма. Умоўна кажучы, беларускі, рускі і польскі стэнаграфісты лёгка "скумекаюць на траіх", бо "przez", "праз" і "через" пішуцца аднолькавым значком.
— Без сістэмы стэнаграфіі беларуская лінгвістычная сістэма не поўная, — мяркуе спадар Суднік. — Бо мы маем шмат дапаможных навук мовазнаўства, маем шмат слоўнікаў, але стэнаграфія мусіць прысутнічаць у любой мове!..
Дзе сёння мы можам пабачыць стэнаграфіста? На высокіх дзяржаўных нарадах, у судзе — стэнаграфісты натуюць усё ў адмысловыя нататнікі. Прымяненне дастаткова вузкае. Аднак з мінулых часоў захавалася шмат стэнаграм пасяджэнняў, мерапрыемстваў, нарадаў... І каб расшыфраваць іх, трэба мець адпаведных спецыялістаў.
— Мяркую, што стэнаграфія сёння незаслужана занядбаная, — сумуе Станіслаў Суднік. — Зразумела, вынайдзены дыктафоны, камп'ютары... Аднак дыктафон вы мусіце пераслухаць некалькі разоў, каб зняць тэкст, а стэнаграфіст здольны запісваць ПОЎНЫ тэкст у рэжыме жывога маўлення. І пасля гэтыя знакі хутка расшыфраваць, набраўшы на камп'ютары звычайныя словы. Вам, журналістам, раю засвойваць стэнаграфію, будзеце толькі ў выгадзе!..
Цяпер мэта спадара Судніка — засведчыць беларускую сістэму стэнаграфіі ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. Бо тры гады ён выкладаў дысцыпліну ў Лідскім каледжы без падручніка — спецыяльна, каб выпрабаваць сістэму на вучнях, выправіць дробныя хібы, адшліфаваць. За гэты час стэнаграфію вывучылі больш за 120 навучэнцаў спецыяльнасці "справаводства і архіўная справа". Цяпер, калі сістэма выпрабаваная і ўдасканаленая, спадар Суднік спадзяецца, што беларуская стэнаграфія будзе зацверджаная на дзяржаўным узроўні.
КАМЕНТАР СПЕЦЫЯЛІСТА
"Гэтую сістэму неабходна зацвердзіць у Камітэце стандартызацыі!.."
Навуковым рэдактарам падручніка выступіў вядомы мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Павел СЦЯЦКО. Спадар Павел пракаментаваў "Звяздзе":
— Трэба адзначыць, што Станіслаў Вацлававіч Суднік вельмі адказна паставіўся да стварэння айчыннай сістэмы стэнаграфіі, выкарыстаў напрацоўкі папярэднікаў, выкладзеныя ў "Адзінай сістэме стэнаграфіі СССР", сістэме стэнаграфіі Расіі, сістэме стэнаграфіі Польшчы. Цешыць, што аўтару ўдалося вырашыць дзве задачы — як мага больш ашчадна падысці да сістэмы Сакалова і адначасова як мага больш поўна ўлічыць асаблівасці беларускай лінгвістычнай сістэмы. Важна падкрэсліць, што спадар Суднік апрабоўваў сваю сістэму ў Лідскім каледжы, чым была пацверджана яе лагічнасць і завершанасць. Як сведчыць практыка, беларуская сістэма стэнаграфіі дазваляе дасягаць тых самых паказальнікаў хуткасці і чытэльнасці, што і руская. Праца Станіслава Судніка заслугоўвае ўхвалы і ўдзячнасці аўтару, а распрацаваная ім сістэма беларускай стэнаграфіі — зацвярджэння ў Дзяржаўным камітэце стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.
Глеб Лабадзенка, "Звязда"
Фота пададзена Станіславам СУДНІКАМ.