Выйшаў падручнік па беларускай мове для замежнікаў

Аўтар дапаможніка “Беларуская мова? З задавальненнем!” доктар філалогіі, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ Таццяна Рамза прысвяціла гэтую кнігу сваім замежным навучэнцам.

Ва ўступе да кнігі аўтар піша: “З’яўленне кнігі стала магчымым толькі таму, што ўсе мае іншаземныя навучэнцы былі апантаныя ў вывучэнні маёй роднай мовы”. Падручнік распрацаваны на 120 вучэбных гадзін і будзе карысны ўсім, хто хоча вывучыць мову з нуля ці ў пэўнай ступені ўжо валодае ёй. Падручнік умоўна падзяляецца на ўводна-фанетычны курс і асноўны вучэбны курс, але з тым улікам, каб кожны раз вяртацца і засвойваць нормы вымаўлення. Фанетычны курс цалкам аўдзіраваны і пададзены на дыску разам з дыялогамі і тэкстамі для аўдзіравання. На кожным занятку даюцца веды па лексіцы, граматыцы, сінтаксісе і маўленчым этыкеце. У падручніку таксама змешчаны граматычныя табліцы і тэксты для чытання. У канцы пададзены адказы да практыкаванняў, што забяспечыць эфектыўнае самастойнае навучанне. Падручнік складзены па апошнім слове метадалогіі выкладання замежнай мовы: лексіка падаецца ў сітуацыйна-тэматычным ключы; матэрыял арганізаваны канцэнтрычна, структуравана; улічаны асаблівасці роднай мовы навучэнцаў; вялікая ўвага надаецца краіназнаўчаму аспекту ў падборы і падачы матэрыялу. Падручнік выйшаў у выдавецтве “Вышэйшая школа” ў 2010 годзе.

prajdzisvet.org