Пачаўся Першы фестываль беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak!

Сёння ў Мінску пачаўся конкурсны этап Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak! Галоўная  мэта падрыхтоўчага перыяду – сабраць усе працы беларускіх рэкламiстаў, зробленыя на беларускай мове за апошнія тры гады.
Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, скіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Арганізацыйным партнёрам фестывалю выступіў спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

«Беларускамоўнай  рэкламы ў эфіры, на старонках  друкаваных выданняў, на вуліцах нашых  гарадоў павінна быць нашмат болей  – гэта сацыяльны імператыў. Колькасць людзей, якія хочуць успрымаць самую розную інфармацыю, у тым ліку і праз рэкламу, на беларускай мове дынамічна расце, – адзначыла на прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. – Аднак гаворка ідзе не толькі пра мову. Сапраўдная рэклама, як і любая мастацкая праява, павінна быць зроблена з улікам ментальных асаблівасцяў Беларусі, яе жыхароў, толькі ў такім выпадку яна зможа стаць па-сапраўднаму адметнай».

Арганізатары  фестывалю лічаць важным вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе. Неабходна не толькі сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў, але і зразумець, як далей будзе развівацца гэты кірунак рэкламы ў нашай краіне. Менавіта таму спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы фестывалям рэкламы, пакуль што адсунуты на другі план.

Адзначым, што да мая 2010 года амаль ніхто ўсур’ёз не займаўся сістэматызацыяй і аналізам беларускамоўнай рэкламы, нягледзячы на тое, што ў апошні час павялічваецца цікавасць рэкламістаў да ўжывання ў сваіх работах беларускай мовы.

«Рэклама як частка сучаснай масавай культуры з’яўляецца сёння важным элементам у станаўленні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. У сваю чаргу, рэкламісты і маркетолагі – гэта найбольш актыўная і перадавая частка сучаснага грамадства, людзі, якія стала імкнуцца да новага. Усе сучасныя тэндэнцыі знаходзяць адлюстраванне перш за ўсё ў рэкламе, – адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсу Marketing.by. – Мы ўпэўненыя, што Adnak! будзе садзейнічаць выпрацоўцы нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошуку новых формаў камунікацыі, выяўленню важных, цікавых і эфектыўных тэндэнцый у грамадскіх камунікацыях».

Удзельнікамі  фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.

Да ўдзелу ў конкурсах прымаюцца таксама  яшчэ не рэалізаваныя праекты, зацверджаныя замоўцам. Прадугледжаны спецыяльны конкурс для праектаў, якія не прайшлі ўзгадненне ў замоўцы.

Усе падрабязнасці, у тым ліку пра ўмовы ўделу ў конкурсе, на сайце фестывалю adnak.by.

adnak.by