Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны распаўсюдзіла заяву з нагоды 15-годдзя рэферэндума 1995 года, паводле вынікаў якога беларуская і руская мова атрымалі роўныя правы.
“Што з гэтага атрымалася – зараз бачна кожнаму,” – адзначаецца ў заяве. “Адсутнічае сістэма нацыянальнай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, колькасць беларускамоўных вучняў скарацілася да 18%, беларускамоўныя школы і нават класы адсутнічаюць у большасці абласных і раённых гарадоў Беларусі. Прынятыя ў 1998 г. папраўкі ў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” пярэчаць Канстытуцыі і дазваляюць чыноўнікам не карыстацца беларускай мовай”.
Аўтары заявы заклікаюць беларускія ўлады “нарэшце выканаць рашэнне рэферэндума 14 мая 1995 г., унесці адпаведныя змены ў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і прыняць Указ Прэзідэнта аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і культуры”.