Ці з'явіцца нагрудны знак да 600-годдзя перамогі над Грунвальдам?

Сёлета адзначаецца 600-гадовы юбілей перамогі войскаў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага над тэўтонамі пад Грунвальдам. Наша газета ўжо пісала, што ваенным мастаком Віктарам Ляхарам быў распрацаваны праект памятнага медаля знарок да гэтай даты, а цяпер мы пацікавіліся ў аўтара, як прасоўваецца праца над нагрудным знакам.

— У пачатку гэтага года Геральдычны савет узнімаў пытанне аб тым, што 2010 год знамянальны не толькі разгромам фашыстаў, але і разгромам нямецкіх рыцараў. Скажу болей, нават канцэптуальна ставілася задача падаць інфармацыйна гэта так, што Грунвальдская бітва — папярэдніца разгрому фашыстаў у 1945-м, што гэта сімвал яднання зацікаўленых бакоў. І адным з элементаў інфармацыйнага забеспячэння было стварэнне ўзнагароды на гэтую тэму, — расказаў Віктар Ляхар, намеснік начальніка вайсковага інфармацыйнага агенцтва "Ваяр", член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце. — Таму я намаляваў канцэптуальны малюнак, а да такіх мерапрыемстваў, як правіла, малюецца воін-пераможца, які топча адоленага ворага. Прыкладна ў такой жа канцэпцыі намаляваны і медаль да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: вершнік з мячом і шчытом, ідэнтычны гербу Вялікага княства Літоўскага, топча тэўтонскага рыцара, які стаіць на каленях. Я лічу, што атрымалася прыгожая і цікавая кампазіцыя.

Віктар Ляхар расказаў, што быў сабраны пакет дакументаў, была атрымана станоўчая ацэнка ад Геральдычнага савета, улічаны ўсе заўвагі прафесійных гісторыкаў. Такім чынам, на сёння вобраз узнагароды цалкам гатовы, але ўзнікла невялічкая праблема — хто будзе фінансаваць выпуск нагруднага знака.

— Недарэчнасць заключаецца ў тым, што патрэбны орган ці ведамства, якое скажа: "Так, мы будзем ствараць гэты медаль, мы яе прафінансуем!". На сёння такога органа няма. Таму, каб медаль не загінуў на паперы, у якасці ініцыятараў выступіў рыцарскі клуб "Рыцары Вялікага княства", але хто яе будзе чаканіць? Хацелася б, каб Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры і іншыя зацікаўленыя бакі знайшлі ўзаемаразуменне і, самае галоўнае, прафінансавалі гэтае пытанне, — лічыць Віктар Ляхар.

Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, намеснік старшыні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Беларусі расказаў, што некалькі дзён назад у Геральдычны савет матэрыялы наконт гэтага нагруднага знака паступілі ад грамадскага аб'яднання "Рыцары Вялікага княства" і што савет будзе гэтыя матэрыялы разглядаць.

— Разам з тым я падтрымліваю Віктара Ляхара і схіляюся да таго, каб да гэтай справы больш далучылася Міністэрства абароны, усё-такі гэтая тэматыка бліжэй да іх ведамства, — сказаў Уладзімір Адамушка.

Нагрудны знак "Памятны медаль у гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы" мае круглую форму і прамавугольную калодку еўрапейскага ўзору чырвонага, зялёнага і белага колераў, на рэверсе пералічаныя харугвы, якія здабылі перамогу пад Грунвальдам.

— Я асабіста закладаў чырвона-зялёна-белыя колеры толькі ў тым сэнсе, што яны адлюстроўваюць рэлігійныя канфесіі саюзнага войска: чырвона-белыя для хрысціян, зялёныя — для татарскай конніцы Вялікага княства Літоўскага, — падкрэсліў Віктар Ляхар.

Павел Бераснеў, "Звязда"