Да юбілею Віктара Казько. Іншабачанне, іншадумства

Сапраўдны пісьменнік – чалавек без узросту. І ягоныя творы маюць тую ж асаблівасць. Чаму яны не старэюць? Бо маюць у сабе нешта новае – новага аўтара, новага чалавека: ён паглядзеў на ўсё тое – знаёмае, “замыленае” – па-іншаму, і чалавечая памяць захоўвае яго імя з удзячнасцю за гэты падораны чытачу досвед іншабачання і іншадумства.

Сапраўдны пісьменнік – чалавек без узросту. І ягоныя творы маюць тую ж асаблівасць. Чаму яны не старэюць? Бо маюць у сабе нешта новае – новага аўтара, новага чалавека: ён паглядзеў на ўсё тое – знаёмае, “замыленае” – па-іншаму, і чалавечая памяць захоўвае яго імя з удзячнасцю за гэты падораны чытачу досвед іншабачання і іншадумства.

70-годдзе Віктара Апанасавіча Казько падсабляе паглядзець на ягоную творчасць больш уважліва. Не падводзіць рысы, зразумела, а паспрабаваць падысці да вядомых яго твораў аўтарскім метадам. Што я маю на ўвазе? Тут не тэматыка аповесцей і раманаў Казько, даўно разабраная па дысертацыях, не трактоўкі вобразаў, не міфапаэтыка і інш. Што палягае ў аснове іншабачання Казько? – вось гэта хвалюе. І на мой погляд, стрыжнем прозы юбіляра з’яўляецца інтуітывісцкі падыход да творчага працэсу. Адразу трэба сказаць, што гэтае разуменне было набыта аўтарам не з кніг: тут усё яго асабістае, тонка-жыццёвае. Пісьменнік ішоў перадусім ад сябе, і таму кожная паралель – ці то з Маркесам, ці то з Джойсам – будзе выглядаць ярка, але штучна.Віктар Казько – з пакалення авантурыстаў, вандроўнікаў, праўдашукальнікаў. Зразумела, што ва ўсе гады такія пісьменнікі з’яўляліся, але сярод тых, каго прынята называць “шасцідзесятнікамі”, людзей падобнага паклікання было больш за ўсё. У многіх з іх дзяцінства было абпалена не толькі вайной, але і рэпрэсіямі, голадам, трывожнасцю. Я не сацыёлаг, і аналітычнай выбаркі даць не магу, але ўсё ж такі, думаецца, 30-ыя і 40-ыя былі часам надзвычай вострай сацыяльнай напружанасці. І пасля спаду той напружанасці не магло не з’явіцца пачуццё велізарнай духоўнай палёгкі, а праз яго – з’яўленне новых людзей, новых пісьменнікаў, новай літаратуры.Ён прыйшоў да творчасці ў сталым узросце. Словы “назапашаны жыццёвы вопыт” якраз-такі будуць тут небудзённымі, непафаснымі. Гэты досвед, гэтыя карціны ці, хутчэй, фотаздымкі рэальнасці, якія некалі ўразілі пісьменніка, пасля адбіліся, аддрукаваліся ў ягоных кнігах. І з’яўляліся гэтыя фотаздымкі інтуітыўна – тое відаць, калі чытаеш прозу Казько. Менавіта таму па сутнасці мадэрнісцкі метад яго пісьма не перашкодзіў застацца рэалістам: досвед не разыходзіцца па швах, не распаўзаецца безаблічнаю плынню свядомасці. Досвед засцерагае ад пустаты.“Казько – пісьменнік складаны”, скардзяцца мае знаёмыя. І гэта праўда, з аднаго боку. Ды, на маю думку, рэч тут у іншым. Казько – пісьменнік глыбока трагічнага светаадчування. Ад таго і інтуітывізм, і нястрымная плынь свядомасці, чорная і змрочная афарбоўка рэаліяў. Той сюжэтна-кампазіцыйны разброд, які відавочны ў яго творах апошняга часу паходзіць менавіта з асаблівасцей аўтарскага ўспрымання свету. Змрачнаватых пісьменнікаў заўсёды цяжка чытаць, асабліва тым, хто бачыць у жыцці толькі радасці і задавальненні. Але, зноў жа, пра Казько нельга абагулена сказаць, што гэта “пясняр змроку”, бо ў тым адразу адчуецца няпраўда. Так, інтуітыўнае, ірацыянальнае вабіць яго, часам нават зачароўвае, ён абрынаецца ў яго безразважна, злёту, ды ў той жа час унутры ён застаецца чыстым і светлым пісьменнікам, гатовым паверыць у цуд, паверыць у тое выпакутаванае блокаўскае “а мир прекрасен – как всегда”, нягледзячы на эмпірычна зацверджаную безнадзейнасць.Гэта глыбока індывідуальны талент. Па прачытанні і перачытванні кніг Віктара Казько часам думаеш, што ў яго не было ні папярэднікаў, ні наступнікаў. Ды потым ужо прыгадваеш вогкую прозу Максіма Гарэцкага, сімвалізм Кузьмы Чорнага, псіхалагізм Васіля Быкава (на маё гледзішча, яны ўзаемна ўплывалі адзін на аднаго), тую трагічна-апакаліптычную засяроджанасць Казько прыгадваеш і пры чытанні аповесцей Юры Станкевіча. Але ўсё яны да пэўнай ступені “гладкія” пісьменнікі. Казько – шурпаты, не-літаратурны. Падобная не-літаратурнасць уласцівая ў нас, мабыць, яшчэ аднаму празаіку – Івану Пташнікаву. Ды апошні, скажам так, робіць прадметам творчае сугестыі навакольны, прыродны свет, аб’ектыўную рэчаіснасць, у той час, як Казько акумулюе ўсе ўнутраныя магчымасці суб’ектыўнага, асобаснага – свядомага і бессвядомага.Калі хто палюбіў ужо гэтага пісьменніка, дык ужо не разлюбіць. Для гэтага трэба наладзіцца, злавіць пэўную “частату”. Гэта не так проста, але яно таго варта. Возьмем жа ў святочныя юбілейныя дні ды адгарнем старонкі кніг Віктара Апанасавіча Казько і парадуемся, што ў нашай літаратуры ёсць такі незвычайны, выдатны празаік.

Ціхан Чарнякевіч, ЛіМ