Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, гурт IQ48, Мясцовы дабрачынны фонд “Добра тут” аб’ядналі свае намаганні і ладзяць дабрачынны канцэрт пад назвай “Добры Фэст” у клубе “Рэактар” у Мінску 22 красавіка.
У імпрэзе возьмуць удзел гурты IQ48, Neuro Dubel, B:N, ZM99 (Змяя) і А. Хаменка (гурт “Палац”).
Пачатак а 19-й.
Арганізатары і ініцыятары канцэрту звяртаюцца да публікі з заклікам “Будзьма беларусамі! Будзьма міласэрнымі!”. Сродкі ад мерапрыемства пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Червенскага дома-інтэрната, які цесна супрацоўнічае з фондам «Добра тут».
Яўген Бузоўскі, удзельнік гурту IQ48:
«Мы часта не заўважаем, наколькі мы шчаслівыя, што ў нас ёсць здароўе, моцнае цела і здаровы дух. І мы не задумваемся аб тым, што побач з намі ёсць дзеці і дарослыя, якія не маюць, здавалася б, самай звычайнай для нас магчымасці – выйсці на вуліцу і прагуляцца сваімі нагамі, сваёй рукой узяць з паліцы цацку, самому скарыстацца лыжкай… А мы ж маем рэальную магчымасць дапамагчы тым, хто гэтага не можа зрабіць, каму недаступныя простыя радасці жыцця. Таму мы запрашаем вас на наш дабрачынны канцэрт: такім чынам вы зможаце паўдзельнічаць у лёсе дзяцей, якія ў гэтым маюць патрэбу».
Музыкі і кампанія «Будзьма беларусамі» вырашылі правесці дадзеную акцыю разам з фондам “Добра тут” невыпадкова. Фонд з’яўляецца ірландскім прадстаўніцтвам дабрачыннай арганізацыі «Burren Chernobyl Project», якая займаецца дабрачыннай дзейнасцю менавіта ў дачыненні да дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дабрыня і чуласць ірландскіх валанцёраў, якія прыязджаюць займацца з беларускімі дзецьмі-інвалідамі ў мясцовыя інтэрнаты, не пакінула музыкаў і кампанію абыякавымі.
Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі”:
“Мы адразу адгукнуліся на ініцыятыву гурту ІQ48”, правядзенне гэтай акцыі надае новы акцэнт нашай кампаніі, быць беларусам – гэта не толькі ганарыцца сваёй краінай, культурай, гісторыяй, гэта яшчэ значыць быць адказным, быць міласэрным. Добры Фэст – не звычайны рок-канцэрт. Па-першае, таму што ў адным месцы мы ўбачым адразу некалькі вядомых калектываў розных музычных напрамкаў, па-другое, без прыемных сюрпрызаў тут не абыдзецца”.
Кожны глядач зможа выкарыстаць магчымасць і зрабіць падарункі дзецям: прынесці цацкі, фарбы, альбомы для малявання і іншае.
Фэст пройдзе пры інфармацыйнай падтрымцы NETradio.by і слушнага музычнага інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў”.
Клуб “Рэактар знаходзіцца па адрасе: вул. В. Харужай, 29.
Кошт уваходу: 20000 (танцпляц загаддзя), 30000 (танцпляц у дзень канцерту), 40 000 (столік).
Квіткі паступяць у продаж з 19-га сакавіка.