У Літве прынялі рашэнне працягваць называць Беларусь "Балтарусіяй"

У Літве Беларусь не будуць зваць Belarusia. Такое рашэнне прыняла Дзяржаўная камісія па літоўскай мове, разгледзеўшы зварот МЗС Беларусі.

"Камісія па літоўскай мове, вывучыўшы меркаванне літоўскіх гісторыкаў, прыняла рашэнне пакінуць ранейшы варыянт – Baltarusija (Балтарусія) - нягледзячы на тое, што гэта спадчына савецкага часу", – сказала DELFI старшыня камісіі Ірэна Сметанене.

Па яе словах, беларускі бок "вельмі карэктна" цікавіўся, якім чынам назва Рэспублікі Беларусь магла б пазначацца ў літоўскай мове.

"Мы прынялі да ўвагі меркаванне гісторыкаў. Літоўскі інстытут гісторыі накіраваў нам свой ліст, у якім гаворыцца, што так, была калісьці Baltoji Rusia (Белая Русь), і што назва Baltarusija – гэта спадчына савецкіх часоў, але яна ўжо стала традыцыйнай. Іншы ліст прыйшоў з Віленскага ўніверсітэта, у якім гаварылася, што большасць навукоўцаў факультэта гісторыі прытрымваюцца меркавання, што немэтазгодна змяняць назву суседняй краіны і раяць працягваць зваць яе Baltarusijos Respublika – скарочана Baltarusija. Мы з гэтым меркаваннем згодныя, усё-ткі без вялікай неабходнасці змяняць назву краіны не варта", - сказала І.Сметанене.

Па яе словах, чальцы камісіі не галасавалі па дадзеным пытанні, а прыйшлі да адзінага меркавання, што ў сіле застаецца ранейшы варыянт літоўскай назвы суседняй краіны.

Частка камісіі адзначыла, што, нягледзячы на тое, што гістарычна існавалі Белая Русь і Кіеўская Русь, канчатак "-ija" цалкам прымальны для літоўскай мовы (ён існуе ў назвах Польшчы (Lenkija) і Нямеччыны (Vokietija) - і пазначае "групу людзей, якія жывуць разам". Акрамя таго, па словах І.Сметанене, у сусветнай практыцы гэта распаўсюджаная з'ява, калі арыгінальнае гучанне назвы краіны не супадае з яе вымаўленнем у іншых мовах.

У сіле застаецца і варыянт Gudija.

"У літоўскай мове таксама існуе варыянт назвы Беларусі Gudija (Гудзія), які калісьці быў асноўным, але потым Камісія па мове вырашыла, што афіцыйнай назвай будзе Baltarusija, а традыцыйным застаецца Gudija. Абедзве назвы выкарыстоўваюцца – кожная ў сваіх галінах", - сказала І.Сметанене.

Па словах спецыяліста, замежныя дзяржавы нячаста звяртаюцца да Літвы з просьбай пра змену іх назваў. Прыкладна месяц назад з такой просьбай звярнулася Грузія, якая пажадала, каб Літва звала яе Georgija. На дадзены запыт Камісія таксама адказала адмовай.

"Станоўчае рашэнне было прынята наконт Бірмы, якая афіцыйна змяніла сваю назву на М'янму. На гэтую змену мы адрэагавалі. Але тады гэта была зусім іншая сітуацыя. Тады новая ўлада ў краіне афіцыйна звярнулася да ўсяго свету з паведамленнем, што змяняецца назва краіны. І ў гэтым плане было лёгка прыняць рашэнне, бо гэта не суседняя дзяржава. Аднак ні Беларусь, ні Грузія сваіх афіцыйных назваў не змянялі", - сказала І.Сметанене.

westki.info