А. Лукашэнка: Вывад з Беларусі ядзернай зброі быў вельмі жорсткай памылкай

Вывад з Беларусі ядзернай зброі быў жорсткай памылкай. Аб гэтым заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Лічу, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было ажыццёўлена нашымі нацыяналістамі, было жорсткай памылкай", - сказаў Прэзідэнт. "Мне давялося падпісваць гэты дагавор, таму што дзявацца было няма куды: на мяне націскалі і Расія, і амерыканцы - выводзьце, таму што паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы ў рэшце рэшт павінны былі добра прадаць", - сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь вывела ядзерную зброю пад гарантыі бяспекі з боку вядучых ядзерных дзяржаў. "Калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер інакш размаўлялі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Добра, вывелі. Так гарантуйце нам бяспеку. Не". Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў Беларусі застаўся высокаабагачаны ўран, сотні кілаграмаў фактычна зброевага і менш абагачанага. "Мне ўжо які год запар кажуць: вывозьце гэты ўран. Хочаце - у Амерыку, мы вам заплацім, хочаце - у Расію. Я кажу: "Па-першае, чаму вы нам дыктуеце, гэта наш тавар, мы яго трымаем пад кантролем МАГАТЭ. Мы не збіраемся рабіць брудныя бомбы ці каму-небудзь прадаваць. Мы выкарыстоўваем гэты ўран у даследчых мэтах", - сказаў ён. "Мяне цяпер прыперлі да сцяны, нож да горла - аддай. Я кажу, што ўжо аддалі ў свой час ядзерную зброю, а што мы ад гэтага маем?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што дыктаваць умовы нікому не будзе дазволена: "Давайце садзіцца за стол перагавораў і будзем вырашаць, што рабіць з гэтай вялікай колькасцю абагачанага ўрану". Аляксандр Лукашэнка разумее занепакоенасць іншых дзяржаў, але пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што Беларусь можа захаваць гэты ядзерны матэрыял, як яна захоўвала яго ўсе гады з моманту набыцця незалежнасці. Каментуючы рашэнне адміністрацыі ЗША правесці сусветны саміт па ядзернай тэматыцы без удзелу Беларусі, кіраўнік дзяржавы сказаў, што не збіраўся ехаць на гэта мерапрыемства: "Калі ты супраць аддаць гэты ўран - мы цябе не запросім на саміт. Я кажу: "Дзякуй, я і не збіраўся ехаць". Нават калі б Беларусь запрасілі, я туды не збіраўся ехаць. Чаму, калі Ізраілю было нявыгадна, што зададуць нейкія пытанні па ядзернай зброі, яны памахалі рукой: "Да пабачэння, не патрэбны нам ваш саміт". Прыкладна так і я адказаў". "Прыніжаць Беларусь нікому не дазволена, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем размаўляць толькі салідна, па-партнёрску, як бы на нас ні націскалі Амерыка і з другога боку Расія. А тут націск ідзе з двух бакоў, і мы гэта адчуваем". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што Беларусь заўсёды была вельмі надзейным і адказным партнёрам для любой краіны і супольнасці па ўсім, што датычыцца ядзернай бяспекі, і заўсёды выконвала ўсе абавязацельствы. "Мы сур'ёзныя і адказныя людзі. Мы хабару за гэта не бяром і нікому не збіраемся прадаваць, нават за вялікія грошы, негалосна гэты матэрыял", - заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што факт адсутнасці запрашэння Беларусі для ўдзелу ў саміце сведчыць аб тым, "што ні амерыканцам, ні ў цэлым Захаду давяраць нельга". "У Расіі нас заўсёды чулі і разумелі, і калі не гэта вакханалія, блытаніна, зразумела на чым заснаваная, заўсёды расіяне нас разумелі і падтрымлівалі. З Захадам і ЗША гэтага ніколі не было. Яны вось ухапіліся за нейкае пытанне, дабіліся свайго і кінулі. Так было і з ядзернай зброяй", - адзначыў Прэзідэнт. "Ну і, напэўна, там яшчэ ёсць адносіны: не запрасілі Лукашэнку, навошта ўзнімаць яму рэйтынгі напярэдадні выбараў, - сказаў беларускі лідэр. - Мне дастаткова сённяшніх рэйтынгаў, каб быць выбраным прэзідэнтам". Аляксандр Лукашэнка дадаў, "што калі б Расія, Казахстан і іншыя дзяржавы СНД былі сапраўды надзейнымі сябрамі, яны б жорстка паставілі пытанне: Беларусь - гэта наша і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амерыканцы не дзеліся". Ён таксама адзначыў, што спакойна перажывае гэту сітуацыю: "Мне больш прыемна з вамі на беразе Прыпяці весці размову, чым сядзець парыцца ў Вашынгтоне".

Таццяна Паляжай, "БЕЛТА"