Беларусь адзначыць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы рыцарскімі фестывалямі і парадамі

Беларусь адзначыць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы рыцарскімі фестывалямі і парадамі. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар турфірмы "Краіна замкаў" Аляксандр Варыкіш.Мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Грунвальдскай бітвы, пройдуць у розных кутках краіны. 24 красавіка ў Сілічах адбудзецца рыцарскі фестываль "Грунвальд-фэст", а 15-16 мая ў Полацку пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры. Акрамя таго, тэатралізаваныя паказы запланаваны ў Івянцы, Гродне, Дудутках і інш.

Самае вялікае мерапрыемства, прысвечанае 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, адбудзецца ў Навагрудку. "Гэта будзе рэспубліканскае свята, у якім прыме ўдзел большасць рыцарскіх клубаў Беларусі", - адзначыў Аляксандр Варыкіш.

9 ліпеня ў Мінску ад Ратушы да Палаца спорту пройдзе рыцарскі парад і афіцыйны ад'езд рыцараў на Грунвальдскае поле. Праграма свята ўжо падрыхтавана Міністэрствам культуры. 15-18 ліпеня ў польскім Грунвальдзе адбудзецца рэканструкцыя гэтай гістарычнай падзеі. У гэтым мерапрыемстве будуць удзельнічаць прадстаўнікі практычна ўсіх рыцарскіх клубаў Беларусі.

"БЕЛТА"