Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму вельмі імпануе заява Барака Абамы з трыбуны ААН: "Мы больш не можам дазволіць сабе патураць нашым рознагалоссям... Мы павінны ўвайсці ў новую эпоху адносін, заснаваных на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай павазе". Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэты падыход поўнасцю сугучны з прынцыпамі міждзяржаўнага супрацоўніцтва, якімі кіруецца Беларусь. "З цяперашняй адміністрацыяй мы пачалі ўжо асцярожную размову і гатовы працягнуць руку дружбы амерыканскім партнёрам", - заявіў беларускі лідэр. Аднак Прэзідэнт Беларусі выказаў сумненні ў магчымасці цывілізаванага, сапраўды эфектыўнага дыялога і ўзаемадзеяння ва ўмовах, калі адзін з бакоў знаходзіцца пад адкрытым націскам. "Наша краіна зацікаўлена ў развіцці паўнацэнных узаемавыгадных канструктыўных адносін з адной з самых магутных дзяржаў свету. Але яны павінны грунтавацца на прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы другой дзяржавы, узаемнай павазе і даверы", - падкрэсліў беларускі лідэр. Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне, што ў апошнія дзесяцігоддзі адносіны Беларусі і ЗША развіваліся вельмі нераўнамерна і "часта знаходзіліся ў стане прыкрай адчужанасці". "Прычым, хачу падкрэсліць, - не па віне Беларусі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, тыя кропкавыя эканамічныя санкцыі, якія прымяніла да асобных беларускіх прадпрыемстваў адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага, да гэтага часу ствараюць негатыўны фон для развіцця ўсяго комплексу гандлёва-эканамічных сувязей паміж дзвюма дзяржавамі. "На маю думку, не варта такой дзяржаве, як ЗША, прыбягаць да адкрытага эканамічнага шантажу суверэннай дзяржавы, якая яшчэ толькі фарміруецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане