Беларуская рэспубліканская навукова-метадалагічная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла канцэпцыю кансервацыі руін Навагрудскага замка.
Як рассказаў нам начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, прыкладны тэрмін рэалізацыі праекта — пяць гадоў. За гэты час гісторыкі, па-першае, павінны правесці раскопкі, каб выявіць усе элементы замка: дзе праходзілі сцены, колькі было вежаў, якія там меліся гаспадарчыя збудаванні. Па-другое, ажыццявіць кансервацыю, каб рэшткі замка не разбураліся ад непагоды.
— Аднавіць замак мы наўрад ці зможам, — гаворыць Ігар Мяфодзьевіч. — А вось кансервацыя — гэта не так ужо і дорага.
Вядома, што з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты выдзелена каля 40 мільёнаў рублёў. Яшчэ 60 мільёнаў Мінкульт спадзяецца атрымаць ад латарэі “Скарбніца”, якая распаўсюджваецца са студзеня гэтага года.
— Дакладна казаць пра тое, калі пачнуцца работы ў Навагрудку, можна будзе толькі пасля распрацоўкі праектнай дакументацыі і архітэктурнага плана, — зазначае спадар Чарняўскі. — Хто будзе гэтым займацца — вызначыць тэндэр.
Мяркуецца, што для кансервацыі гісторыкам прыйдзецца заказваць спецыяльную цэглу, якая будзе адпавядаць той, што выкарыстоўвалася ў ХVI стагоддзі — часы, калі будаваўся замак у Навагрудку. Менавіта ў ім на працягу двух стагоддзяў праходзілі сесіі Галоўнага трыбунала — вярхоўнага судовага органа ВКЛ...
Алег Гаруновіч, "Народная газета"