Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім ордэнам "За асабістую мужнасць" пасмяротна ўзнагароджаны лётчыкі Аляксандр Жураўлевіч і Аляксандр Марфіцкі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім ордэнам "За асабістую мужнасць" пасмяротна ўзнагароджаны намеснік камандзіра па лётнай падрыхтоўцы 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны Узброеных Сіл палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч і намеснік камандуючага войскамі па авіяцыі Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў ППА Узброеных Сіл палкоўнік Аляксандр Марфіцкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Загінуўшыя афіцэры ўдастоены гэтых узнагарод за смелыя і рашучыя дзеянні пры абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця, асабістую мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм. Як паведамлялася, 30 жніўня на авіяшоу ў горадзе Радам (Польшча) у час выканання фігуры вышэйшага пілатажу разбіўся беларускі ваенны самалёт Су-27. Абодва члены экіпажа - лётчыкі-снайперы Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч загінулі. Адразу пасля катастрофы прэс-служба Мінабароны Беларусі агучыла папярэднюю версію, згодна з якой прычынай крушэння стала пападанне птушкі ў рухавік. Лётчыкі адвялі самалёт ад населенага пункта не катапультуючыся і цаной свайго жыцця прадухілілі больш цяжкія наступствы.
"БЕЛТА"