
“Да трох гадоў дзіця засвойвае аграмадную інфармацыю”
Як чалавек, які піша казкі, фэнтэзі, п'есы — займаецца літаратурай на сур'ёзным узроўні — прыйшоў да беларускай мовы за савецкім часам?
Апроч таго, я прайшоў школу дзядоў і бабулек, як яе назваў Караткевіч. І хаця сваіх дзеда і бабу памятаю слабавата, але я часта бываў у іх вёсцы на Гомельшчыне, дзе чуў жывую беларускую мову. Такім чынам, з самага дзяцінства беларуская мова не была для мяне чужой, хаця я вучыўся ў рускамоўнай школе. Ну а потым абраная прафесія журналіста і філолага прымусіла больш глыбока вывучаць беларускую мову.
Спадар Пятро, у якой мове вы гадавалі сваю дачку? З якімі цяжкасцямі сутыкаліся на першых этапах?
Наша сям’я ад самага пачатку была беларускамоўная. Калі нарадзілася мая дачка Марыля, моўная праблема, канечне, паўстала, але вырашылася яна лёгка. Усім бацькам, якія жадаюць, каб іх дзеці гаварылі па-беларуску добра ад самага пачатку, раю ісці тым жа самым спосабам: дзіця павінна ад нараджэння чуць родную мову. Моўнае асяроддзе было створана натуральна, мы з жонкай гаварылі па-беларуску, дачка слухала плыткі, першыя кніжкі на беларускай мове. Хай бацькі не палохаюцца, што потым дзіця не будзе добра засвойваць іншыя мовы. Самы складаны перыяд — да трох гадоў, але ў гэты час дзіця здатнае засвоіць аграмадную інфармацыю. Дзіця навучыцца адрозніваць фанетычныя, лексічныя асаблівасці рускай, беларускай і іншых моў. Сёння Марыля дасканала ведае не толькі беларускую і рускую мовы, а таксама англійскую, нямецкую, шведскую, трошачкі італьянскую. Але ж першай мовай для яе была беларуская. Па-беларуску яна сказала першыя словы — “тата”, потым “дай”, “баба” і “мама”.
“Вучыцеся на беларускіх казках!”
Сем’і, якія хочуць з маленства прышчапіць веды беларускай мовы, звычайна звяртаюцца да беларускай літаратуры. Як вы ацэньваеце наяўныя сёння дзіцячыя кніжкі? Ці могуць яны канкурыраваць з замежнымі аналагамі?
Адчуваючы дэфіцыт у беларускай літаратуры жанра фэнтэзі, я разам з калегамі спрабую яго запаўняць, пішу серыю казачных раманаў. Такім чынам, літаратура павінна мадэрнізавацца, у нас павінен з’явіцца свой нацыянальны казачны герой — аднаго Несцеркі малавата. Зрэшты, у нашых казках ёсць постаці, якіх можна тыражаваць і раскручваць. Напрыклад, Кацігарошак — наш беларускі Геракл.
Чаму беларускія казкі могуць навучыць дзяцей?
Сам я пачаў збіраць такога кшталту канцэптуальныя казкі і мяркую выдаць іх у зборніку “Казкі для Лілі”. Зрэшты, пачатак гэтага казачнага рамана-фэнтэзі ўжо часткова апублікаваны ў часопісе “ARCHE”. Такім чынам, у казках — і пачатак нацыянальнай філасофіі, этыкі і аснова нацыянальнага жыцця. Хаця не варта цалкам давяраць казачным сюжэтам, бо яны бываюць даволі жорсткія. Напрыклад, матыў канібалізму ў казцы “Піліпка-сынок”.
Спадар Пятро, падчас нашай размовы вы ўзгадалі, што сучасным беларускім літаратарам трэба вучыцца і набірацца мовы менавіта з казак. Няўжо, сапраўды, мова казак глыбейшая за сучасную літаратурную мову?
У літаратуру прыйшло ўрбанізаванае пакаленне, якое вучыць мову па творах, слоўніках. Яно не прайшло тую школу дзядоў і бабуль, якую прайшоў я. Гэтаму пакаленню цяжкавата засвойваць літаратурную мову, яшчэ цяжэй засвойваць тую мову, на якой гавораць людзі. А казачны фальклор захаваў аўтэнтычнае маўленне. Таму ўсім, хто вывучае літаратурную мову і рыхтуе сябе ў паэты, пісьменнікі, трэба брацца за казкі, выдадзеныя ў серыі “Беларуская народная творчасць” (БНТ). Яны навучаць гаварыць па-жывому, як гаварылі нашы продкі. Напрыклад, як мы па-беларуску скажам "Не убивай меня, Иван-царевич, я тебе еще пригожусь"?
Якіх дзіцячых кніжак не хапае сёння на паліцах кнігарняў для таго, каб даць маладому пакаленню веды, пра якія вы кажаце?
“Не навучымся складаць міфы, за нас гэта зробяць іншыя”
Наколькі стварэнне нацыянальных міфаў спрыяе фармаванню нацыянальнай свядомасці, узмацняе падмурак дзяржавы?

Мяркую, што і нацыянальны міф XXI стагоддзя — гэта ідэя беларускага дома, дзе ўсім утульна, добра, дзе гучыць родная мова, дзе ёсць калыска, печ, у якой гатуюцца смачныя стравы. Што да прадуктыўнасці нацыянальнага міфу, кожны ж народ яго мае, нават калі гэты міф крышку не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці. Скажам, палякі вельмі любяць свой міф пра паходжанне ад сарматаў. У рускай дзяржаве вельмі папулярны міф пра паходжанне ад вікінгаў. Чаму б і беларусам не падтрымліваць уласныя нацыянальныя міфы? Я заўсёды спрачаюся з вельмі сур’ёзнай кагортай гісторыкаў, якія кажуць, што ў літаратуры ўсё павінна дакладна адпавядаць крыніцам. Аднак хоць невялікі палёт фантазіі так патрэбен і нашым гісторыкам. Не навучымся самі складаць і абгрунтоўваць нацыянальныя міфы, за нас гэта зробяць іншыя.
Ужо даўно робяць. Літва таму найлепшы прыклад...
“Загіне не мова, а мы”
Сёння ўсё часцей гучыць трывога за будучыню беларускай мовы. На вашу думку, праз што яе можна захаваць і перадаць будучым пакаленням?
Наша мова самы цяжкі крызісны перыяд ў сваім развіцці ўжо прайшла недзе ў XVII-XIX стагоддзях.
То бок тое, што мы маем сёння, — ужо не крызіс?
Параўноўваючы Беларусь з краінамі, дзе нацыянальная мова не дамінуе, скажам, з Ірландыяй, думаю, у нас становішча лепшае. Увогуле, будучыня Беларусі мне бачыцца шматмоўнай. Гэтак, самая аптымальная сітуацыя ў нас складалася ў 1920-х гадах, калі беларуская была першай дзяржаўнай мовай, але існавалі яшчэ тры дзяржаўныя: руская, польская і яўрэйская. Гэта не перашкаджала ані дамінаваць беларускай мове, ані гарманічна развівацца плюралізму моўных адносін. Беларусь магла ператварыцца ў другую Швейцарыю, дзе людзі размаўлялі б на розных мовах, але існавала б галоўная, якую ведаюць і пры пэўных абставінах выкарыстоўваюць усе.
Перад смерцю Якуб Колас назваў галоўную ўмову вывядзення роднай мовы з загону: "Калі беларускаю мовай загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад". Вы згодны з гэтым?
Ужо ёсць міністры і намеснікі, якія размаўляюць па-беларуску.
Пакуль толькі адзін...
Так, міністр культуры. Таксама я яе часта чую ад супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі. У нас у Законе “Аб мовах” ясна запісана, што кожны, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе, павінен валодаць беларускай і рускай мовамі ў тым аб’ёме, у якім гэта неабходна для выканання службовых абавязкаў. Я недарэмна ўзгадваў 1920-я гады, калі існавала чатырохмоўе. Паміж мовамі існаваў парытэт і гармонія. Калі мы дасягнем такога гарманічнага двухмоўя, будзе гэта ўжо някепска.
Вы кажаце, што мова не памрэ, бо занатаваная ў тэкстах. Аднак інтарэс маладога пакалення да звычайнай друкаванай літаратуры падае. Як даць гэтаму рады?
Чаму беларусы — шчасліўчыкі?
З 1 верасня ўступае ў сілу новы правапіс беларускай мовы. Ці паспрыяе чарговае цэнтралізаванае ўнармаванне мовы яе развіццю?
Для таго, каб ад беларускай мовы ў пераходны перыяд не адвярнулася школьніцтва, абітурыенты, мяркую, патрэбна дадатковае заканадаўчае і вучэбна-метадычнае падмацаванне.
Апроч унармавання афіцыйнага правапісу з 1 верасня будзе забаронена выкарыстоўваць неафіцыйныя варыянты — перадусім класічны. Што параіце рабіць аматарам "тарашкевіцы"?
Мяне асабіста больш трывожаць не мяккія знакі ў тэксце, а знікненне той лексікі, якая была распрацавана ў 1920-я гады, калі наша мова пераплаўлялася наноў, распрацоўвалася і ўкаранялася прафесійная лексіка. Гэтыя набыткі ў многім страчаны. І калі сёння распрацоўваюць беларускія вайсковыя каманды, варта зазірнуць у слоўнікі 20-х гадоў. Многае можна запазычыць, нарыклад, ужываць слова “шыхтуйся” замест “стройся”.
Законы прымаюць дзяржаўныя інстытуты, але мову ствараюць і выкарыстоўваюць не ў Палаце прадстаўнікоў, а ў грамадстве. На жаль, улады ўпарта не жадаюць слухаць прапановы “з народа”.
Час ідзе, гісторыя працуе на дыялог грамадства, якое творыць мову, і тых структур, што яе фіксуюць. У ідэале мова ствараецца, вядома, народам. Слоўнікі і граматыкі павінны фіксаваць тое, што ўжо апрабавана ў літаратуры, мусяць з’яўляцца новыя адзінкі і адсейвацца тое, што не вытрымала выпрабавання часам. Да гэтай гармоніі трэба ісці. Не ўсё робіцца хутка, ёсць законы гісторыі, якія цяжка паскорыць. Грамадства непазбежна робіцца больш талерантным, памяркоўным, схіляецца да ўнутранага дыялогу, але ж на ўсё патрэбны час.
Баюся, чакаць нам давядзецца доўга...
Хаця ёсць праблемы, якія ад нас не залежаць. Найперш — глабалізацыя, якая спрабуе сцерці межы і грані паміж народамі і этнасамі. У нейкім сэнсе прарочым выглядае папярэджанне, агучанае Купалам вуснамі “тутэйшага” Мікіты Зносака. Той марыў увесці ва ўсім свеце адзіную і непадзельную мову. І ўсё ж, думаю, будучыня за гарманізацыяй працэсу сусветнай інтэграцыі і, у той жа час, за імкненнем кожнай нацыі захаваць свой этнас, самабытнасць і мову, якая побач з ментальнасцю складае асноватворны прынцып беларускай нацыі.