Першы расійскі культурны цэнтр плануецца адкрыць у бліжэйшы час у Беларусі. Пра гэта паведаміў саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Фёдараў.
Цэнтр будзе займацца праектамі гуманітарнага супрацоўніцтва, праводзіць круглыя сталы, канферэнцыі, семінары, выставы, накіраваныя на папулярызацыю дасягненняў культуры, мастацтва, навукі Расіі і рускай мовы. "Расія мае намер пашырыць сваё культурнае прысутнасць у Беларусі", - дадаў Аляксандр Фёдараў. Дату адкрыцця цэнтра ён не назваў, толькі ўдакладніў, што гэта здарыцца ў 2010 годзе. Нарматыўную базу існавання такіх арганізацый закладзена пагадненнем паміж урадамі Расійскай Федэрацыі і Беларусі аб заснаванні і ўмовах функцыянавання інфармацыйна-культурных цэнтраў, якое было падпісана падчас пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў снежні 2009 года. Аляксандр Фёдараў адзначыў, што культурнае супрацоўніцтва вядзецца і зараз - гэта розныя праекты з беларускімі ўстановамі культуры. Так, да прыкладу, у ліпені ў Палацы моладзі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню сям'і, любові і вернасці, запушчаны праект на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі аб удзеле беларускіх дзяцей у міжнародным конкурсе на лепшую паштоўку. "У далейшым менавіта такімі праектамі, акцыямі, а таксама арганізацыяй канцэртаў расійскіх выканаўцаў і будзе займацца цэнтр", - сказаў Аляксандр Фёдараў. Натуральна было б, калі б следам за адкрыццём расійскага культурнага цэнтра ў Беларусі, у Маскве быў адкрыты беларускі культурны цэнтр, які садзейнічаў бы папулярызацыі беларускай культуры ў Расіі.