Полацкі пантэон

Цяжка сабе ўявіць культурную сталіцу без магіл легендарных герояў. А такіх славутых людзей, якія праславілі Полацак, - шмат. І гэтыя героі мусяць вярнуцца ў родны горад.

Старажытны Полацк шмат перажыў ліхалеццяў, часта горад руйнаваўся захопнікамі амаль цалка. І зноў аднаўляўся як птушка Фенікс. Аднак з кожным такім руйнаваннем Полацк губляў свае храмы, іншыя гістарычныя будынкі і нават магілы. Бо да сёння мы не ведаем, дзе быў пахаваны славуты князь Усяслаў Чарадзей, дзе быў пантэон полацкіх князёў, дзе магілы іншых славутых палачанаў Сярэднявечча. Можна лічыць цудам, што захавалася перліна беларускай архітэктуры – Спаса-Еўфрасіннеўская царква. Яшчэ большым цудам ёсць тое, што захаваліся ў царкве фрэскі XII стагоддзя. Цудам з’яўляецца і вяртанне ў Полацк святой Еўфрасінні Полацкай. Але на гэтым бадай полацкія цуды сканчваюцца.Ва ўсіх народаў надзвычай шануюцца магілы сваіх нацыянальных герояў. У Польшчы, напрыклад, створаны нацыянальны Пантэон у кракаўскім замку Вавель. Тут пахаваныя і славутыя каралі, і палітыкі, і паэты, і дзеячы культуры - усе тыя знакамітыя палякі, якімі ганарыцца кожны грамадзянін краіны. Сюды, у Вавель, палякі прыязджаюць адусюль, каб выказаць сваю павагу, схіліць галаву перад магіламі нацыянальных геніяў, правесці ўрок патрыятызму сваім дзецям. І такія мясціны ёсць ва ўсіх народаў.На жаль, у Полацку захавалася толькі адна магіла, якая ўключана ў даведнікі падобнага тыпу – пахаванне паэта Янкі Журбы на Ксавераўскіх могілках. Напэўна, прыйшоў час аднаўляць Полацкі Пантэон. І было б сімвалічна пачаць гэтую працу ў год, калі Полацк з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. Відавочна, было б правільна перанесці пахаванне славутага Яна Баршчэўскага з украінскага Чуднава ў Полацк. Некаторыя магілы можна зрабіць сімвалічнымі – тых самых полацкіх князёў, балазе, іх прах недзе ў Полацку. Магчыма, слушна было б вярнуць у Полацк і Сімяона Полацкага. На жаль, невядома месца пахавання Францыска Скарыны, бо стварэнне Полацкага Пантэона, відаць, трэба было б пачынаць з яго перапахавання. Нават калі б за год удавалася вярнуць у родны горад парэшткі толькі адной гістарычнай асобы – Полацкі Пантэон неўзабаве паўстаў бы.Бо цяжка сабе ўявіць культурную сталіцу без магіл легендарных герояў. А такіх славутых людзей, якія праславілі Полацак, - шмат. І гэтыя героі мусяць вярнуцца ў родны горад.

alesarkush.livejournal.com