Нашумелы фільм беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, забароненага да паказу ў Беларусі яшчэ ў 2004‑м годзе, вярнулі пракатнае пасведчанне.
Беларуская прэм’ера карціны на вялікім экране адбудзецца 15 лютага ў кінатэатры “Піянер” у рамках кінаклуба “Формула кіно”, паведаміў вядучы клуба кінакрытык Антон Сідарэнка.
Шэсць гадоў таму выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыят прэзідэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зняў карціну, якую крытыкі назвалі “першым нацыянальным беларускім фільмам”, “адраджэннем айчыннага кіно”. “Акупацыя. Містэрыі” — стужка, якая фактычна зроблена без дапамогі дзяржавы і без непасрэднага ўдзелу “Беларусьфільма”. Праца над ім з перапынкамі працягвалася тры гады. Удзел у ёй прынялі найлепшыя беларускія акторы.
У 2004 годзе карціну, якая расказвае пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі, запрасілі ў афіцыйную праграму Ратэрдамскага міжнароднага кінафестывалю.
Следам за гэтым “Акупацыя” была паказана ў паралельнай праграме Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю і паступіла ў кінапракат расійскай сталіцы. У Беларусі ж наватарскі фільм быў забаронены да паказу Упраўленнем рэгістрацыі і класіфікацыі кіна‑і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры. Чаму? “Асобным службоўцам падалося, што героі карціны ўжо занадта не падобныя на традыцыйныя савецкія ўяўленні аб партызанах і Другую сусветную вайну”, - тлумачць Антон Сідарэнка
Праз пяць гадоў пасля выхаду ў свет, чыноўнікі ад культуры вярнулі “Акупацыю. Містэрыі” ў адзіны дзяржаўны рэгістр, на падставе чаго фільму было выдадзена дзяржаўнае пракатнае пасведчанне.
Кастусь Лашкевіч, Tut.by