Таццяну Шапуцьку прынялі на другі курс ЕГУ

Таццяну Шапуцьку, адлічаную з юрфаку БДУ, учора прынялі на другі курс Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільні па спецыяльнасці “паліталогія”. Сумоўе ўзначальваў асабіста рэктар ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў.

Нечакана для Таццяны спадар Міхайлаў абвесціў, што сумоўе будзе праходзіць на англійскай мове.

Таццяна ажно пачырванела ад нечаканасці — але не разгубілася, бо англійскую мову ведае няблага, і ўвогуле ў БДУ была практычна выдатніцай.Таццяна Шапуцька: "Учора ў мяне было дзве сустрэчы. Першая — са спадаром Міхайлавым, які распытваў пра сістэму адукацыі ў Беларусі, пра маё бачанне далейшага развіцца дэмакратычнага руху і беларускіх навучальных установаў. Другая сустрэча была з дэканам дэпартамента паліталагічных навук і з усімі прарэктарамі. Да маёй нечаканасці, гэтая сустрэча праходзіла цалкам па-англійску, бо адна з прарэктарак, адказная за міжнародныя сувязі, яна была амерыканкай. Мне задавалі розныя пытанніі — ад таго, што я праходзіла ва ўніверсітэце да тэхнічных момантаў — у прыватнасці, ці маю я доступ да інтэрнэту. Урэшце мне сказалі, што я прынятая на вучобу. Літаральна праз два тыдні ва ўніверсітэце пачынаецца сесія, на якой я павінна прысутнічаць". Нагадаем, Таццяну Шапуцьку, намесніцу старшыні Маладога Фронту, адлічылі з юрфака БДУ ў пачатку снежня пасля яе ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства ў Бруселі. Фармальна — за тое, што парушыла правілы, не прапрасіла дазволу на выезд за мяжу. Таццяна падала скаргу спачатку рэктару БДУ Сяргею Абламейку, затым міністру адукацыі Аляксандру Радзькову. Абодва адказалі аднолькава — што загад пра выключэнне не будзе скасаваны, што ўсе зроблена законна. Зараз Таццяна рыхтуе скаргу ў суд на Белдзяржуніверсітэт, бо пратэстуе супраць адлічэння. Варта адзначыць, што дзяўчына вучылася вельмі добра (сярэдні бал 8,5), і апроч трох дзён удзелу ў Форуме іншых пропускаў не мела.

"Еўрарадыё"