Рада беларускай інтэлігенцыі агітуе за адзінага кандыдата ў прэзідэнты

Грамадская ініцыятыва "Рада беларускай інтэлігенцыі" прапанавала лідэрам дэмакратычных сіл правесці кансультацыі па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта гаворыцца ў звароце Рады да кіраўнікоў і чальцоў дэмакратычных партый і рухаў.

Галоўнай мэтай на будучых прэзідэнцкіх выбарах павінна быць толькі рэальная перамога, магчымая толькі пры кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі, лічаць сябры Рады. Старшыня Рады Уладзімір Колас у каментары Еўрарадыё распавёў, што прапануецца шляхам кампрамісаў вылучыць аптымальную кандыдатуру, прыняць калектыўнае адказнае рашэнне аб'яднаць намаганні вакол гэтай кандыдатуры. На думку Коласа, гаворку пра некалькі дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары вядуць тыя, хто не верыць у перамогу і ставіць сабе нейкія іншыя мэты. Аўтары звароту адзначаюць, што дэмакратычныя сілы ўжо маюць досвед арганізацыі справядлівага падліку галасоў шляхам экзіт-полаў. Па словах Коласа, у выбарчую стратэгію неабходна ўключаць і назіранне, і экзіт-полы, і план дзеянняў пасля абвяшчэння вынікаў. Колас: Гэты момант трэба абавязкова ўключаць: і назіранне, і падлік галасоў на выхадах і - што рабіць потым. І безумоўна, гэтую кампанію трэба праводзіць пад лозунгамі справядлівых выбараў і зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся сваіх прадстаўнікоў у падліковых камісіях.

"Еўрапейскае радыё для Беларусі"