“Бацькі беларускага рок-н-ролу” гурт “Крама” сёння перажывае не лепшыя часы. У іх багата матэрыялу для новага альбома, але няма грошай для яго запісу. Гэтаксама, як няма былых запрашэнняў і выступленняў.
Напярэдадні доўгачаканага канцэрта гурта 3 лютага ў “Рэактары” карэспандэнт TUT.BY пагутарыў з яго нязменным франтмэнам Ігарам Варашкевічам.
“Калі пражыў большую частку жыцця, баяцца няма чаго”
— Яшчэ на памяці, як за ўдзел у акцыях апазіцыі “Крама” на тры гады (з 2005 па 2007) трапіла ў “чорны спіс”, які забараняў публічную дзейнасць гурта. Ёсць меркаванне, што забароны і перашкоды стымулююць развіццё рок-музыкі...
— Я музыкант і мастак і да музыкі стаўлюся ў першую чаргу як да мастацтва. Хаця агульнавядома: калі ў Беларусі спяваеш па-беларуску, а пры гэтым яшчэ і закранаеш якія-кольвек праблемы, ты ўжо ўлез у палітыку. Не думаю, што, напрыклад, артысты Фінберга з задавальненнем спяваюць на беларускай мове. Ім сказалі, яны і выконваюць песні пра кветкі, каханне... Таму для мяне тая забарона, па сутнасці, нічога не вырашала. Я як пісаў песні, так і пішу. Цяпер, калі ніякіх “спісаў” няма, нават больш.
— І ўсё ж, Ігар, якую галоўную выснову вы зрабілі для сябе пасля сканчэння той трохгадовай ізаляцыі?
— Я ведаў, канечне, што палітыка — бруд, але шчыльна з гэтым не сутыкаўся. А тут прыйшлося...
– То бок, калі б цяпер вам прапанавалі выступіць на мітынгу апазіцыі, вы б адмовіліся?
— Я бы добра падумаў. І прычына не ў тым, што я нечага баюся — калі пражыў большую частку жыцця, баяцца няма чаго. Мая пазіцыя адносна таго, што адбываецца ў Беларусі, за гэты час таксама не змянілася. Проста на тых мітынговых выступах людзі зараблялі на нас грошы, для некаторых гэта стала прыбытковым бізнэсам. Таму часам, калі Лукашэнка па тэлевізары дае ацэнкі апазіцыі, на жаль, хочацца з ім пагадзіцца...
— Падчас нядаўняй гутаркі Лявон Вольскі адказаў мне, што не імкнецца на дзяржаўную тэлевізію, бо для яго гэта нецікава і бескарысна. Ці прынесла “Краме” актыўнае выступленне на ТВ якія дывідэнды?
— Можа, так выглядае, што актыўнае, але, насамрэч, ніякай актыўнасці няма. Прапанаваў Каранеўскі (намеснік гендырэктара СТВ. — TUT.BY) выступіць на “Зорным рынгу”, мы выступілі. Сыгралі жыўцом, перамаглі — што тут кепскага? Якія дывідэнды ты маеш на ўвазе, грошы?
— Грошы, раскрутку, можа, вяртанне на арбіту...
— Няма ні грошай, ні арбіты — яна ўся занятая. Нас, безумоўна, не пусцяць у нейкія афіцыйныя акцыі, але яны нам і непатрэбныя. Той жа Каранеўскі прапанаваў нам пасля “Рынгу” выступ у Палацы Рэспублікі разам з Кіркоравым, Сенчынай. Я адмовіўся, бо там у зале няма людзей, якія нас ведаюць. Плюс гэта фанера і не наш фармат.
“Калі людзям не патрэбна наша музыка — слухайце Саладуху”
— Чуў, што на канцэрце 3 лютага вы сыграеце некалькі новых песень. Калі чакаць новы альбом, бо з часу выхаду апошняга мінула ўжо два гады?
— Нас абвінавачваюць, што мы рэдка выпускаем альбомы, але большасць класных гуртоў на Захадзе робіць перапынкі паміж кружэлкамі ў 2-3 гады. Навошта вырабляць шмат смецця? Гэта, канечне, не значыць, што кожная песня стане хітом, але за яе, прынамсі, трэба адказваць.
Што да новых песень, адна з іх пра — пра каханне. Апошнім часам гэта тэма стала мне цікавай, захацелася спяваць пра пачуцці, якія перажыў. Другая — пра крызіс, глабалізацыю і беларускі менталітэт. Насамрэч, у мяне ёсць прынцып: пакуль альбом не выйдзе, новыя рэчы на канцэртах не выконваць. Калісьці ў 1995 годзе мы прэзентавалі адразу два альбомы: “Камендант” і “Лянівыя танцы”, які потым ператварыўся ў “Што дапаможа нам”. Калі першы мы выдалі адразу, то другі ляжаў яшчэ тры гады, хоць песні з яго мы выконвалі на канцэртах. І я даў сабе слова, што ніколі не буду падобнага рабіць. Але цяпер прыйшлося адступіць ад правіла, бо матэрыял ужо даўно ёсць не на адзін альбом, але сродкаў, каб іх запісаць, няма, і незразумела, калі яны з’явяцца.
Мы не патрэбны ані дзяржаве (і дзякуй Богу!), ані апазіцыі. Мы жывем самі па сабе. У нас няма столькі канцэртаў і яны не каштуюць так шмат, каб назбіраць неабходную для запісу альбома суму. Сёння, нягледзячы на крызіс, запіс адной песні каштуе тысячу даляраў. Можна, канечне, у хатніх умовах запісацца, але ж наш статус не дазваляе займацца аматарствам.
"Крама" падчас выступу на фэсце BelaMusic-2009 у Баравой. Фота: А. Матолька.
— Многія цяпер робяць асноўную касу нават не на канцэртах, а на карпаратывах. Як з гэтым у “Крамы”?
— Яшчэ тры гады таму нас запрашалі. Прычым людзі хацелі, каб мы спявалі не англамоўныя каверы, але свае рэчы. Карацей, мы гралі нармалёвыя канцэрты. Аднак раптам усё скончылася, і нас перасталі клікаць. Цяпер некаторыя знаёмыя прапануюць нам выконваць “савок”. Але спяваць песні, ад якіх мяне калісьці ванітавала, я не буду. Апроч таго з’явілася нямала гуртоў з англамоўнымі праграмамі, якія дэмпінгуюць кошты. Напэўна, прасцей запрасіць іх, чым нас. Да таго ж свайго мэнэджэра, як Анечка Вольская ў N.R.M. і “Крамбамбулі” ці Калмыкоў у “Ляпісаў”, у нас няма.
— Дзіўна, што вас не клічуць на карпаратывы, бо ваша ж аўдыторыя самая перспектыўная ў гэтым плане: ад 30 да 50. Не менш дзіўна і тое, што няма ахвочых дапамагчы з выданнем новых альбомаў. Быццам “Крама” — адзін з пачынальнікаў і самых яркіх прадстаўнікоў беларускага рок-н-ролу — пустое месца...
— Атрымліваецца, што пустое месца. На жаль, вельмі часта ў нас бывае так, што пра цябе ўзгадваюць толькі тады, калі ты некаму патрэбен. Я ж нікога не прымушаю: калі людзям не патрэбна наша музыка — слухайце Саладуху.
— У час тых самых “чорных спісаў” вы заявілі ў адным з інтэрв’ю, маўляў, улады баяцца папулярнасці, што вас “пачнуць слухаць не тысяча, не дзесяць тысяч людзей, а сто тысяч, мільён”. Цяпер забаронаў няма, але, здаецца, няма і соцень тысяч...
— Ну, я ж не мог зрабіць дакладны прагноз. Мне здавалася, што так можа быць. Аднак тут справа не столькі ў сольных канцэртах, на якія з году ў год прыходзяць адны і тыя ж людзі. Калі б у краіне быў хоць адзін нармалёвы фэст тысяч на 50 чалавек, тады б можна было пра нешта казаць. Акрамя таго, за гэты час вырасла новае пакаленне людзей. Адны “Краму” не ведаюць. Другія гэтым не цікавяцца. Для трэціх слова беларускасць, нібы чырвоная ануча: “Ай, гэтыя нацыяналісты...”
“За раскрутку дзядзькоў ніхто не хоча брацца”
— Год назад, падчас сумеснага канцэрту з “бацькам расійскага блюзу” Мікалаем Аруцюнавым, гаварылася пра ваш супольны альбом. Ад гэтай задумы яшчэ не адмовіліся?
— Не, але гісторыя зацягнулася. Мы запісваліся з ім разы чатыры. На кожным канцэрце атрымлівалася недзе па тры рэчы, якія могуць увайсці ў альбом. Але на апошнім супольным выступленні ў КЗ “Мінск” на палове песні “Выпі са мной да дна” нешта здарылася з напругай, і запіс абрубіўся. То бок для кружэлкі нам не хапае яшчэ некалькіх фірмовых кампазіцый, а значыць, трэба яшчэ раз везці сюды Аруцюнава. Можа, увесну атрымаецца. Запісам і выпускам альбому ён будзе займацца ўжо ў Маскве, бо вельмі зацікаўлены ў гэтым.
— Сумесныя спевы “Крамы” з Аруцюнавым — унікальная рэч, падобнай якой у нашай і расійскай музыцы яшчэ не было...
— Мы спрабавалі знайсці спонсараў, каб паскорыць працэс, але, як выявілася, нікому гэта не патрэбна. Канечне, значна прасцей раскручваць маладых, а за дзядзькоў з уласным імем ніхто не хоча брацца.
— Цікавая рэч, але амаль усе вашы супольныя выкананні — з Русяй, Вольскім, Аруцюнавым — адзін аднаго лепей. У чым ваш сакрэт?
— Мне тут цяжка нешта сказаць, але ёсць такая рэч: калі я граю на губным гармоніку не ў “Краме”, у мяне гэта атрымліваецца лепей, свабадней. Можа таму, што няма такой адказнасці, напружанасці.
“Моладзь усё хоча адразу — і славу, і грошы”
— Калі параўнаць сённяшнюю музычную карціну з той, што была 20 год назад, ці змянілася ў ёй месца “Крамы”?
— Цяпер усё настолькі імкліва мяняецца, што я не паспяваю за ўсім сачыць. Што да “Крамы”, мы трымаемся ў сваёй блюз-рокавай плыні. Яна даволі кансерватыўная, але будзе жыць, пакуль існуе само паняцце рок-н-рол.
— А рок-н-рол увогуле старэе ці гэта бясконцая з’ява?
— Дыназаўры мільёны гадоў жылі на Зямлі, але канец жа надышоў (смяецца. - TUT.BY). Сёння здаецца, што рок-музыка бясконцая. Цяпер вось раскруціўся панк, які ўжо тры ці чатыры разы “пост-панк”. Ён стаў настолькі папулярны, што гучыць ледзь не ў кожным амерыканскім моладзевым фільме. Але рэч у тым, што я ўсё гэта слухаў, калі панк толькі пачынаўся. Нягледзячы на захопленасць Led Zeppelin, Джымі Хендрыксам, Джэніс Жоплін, Doors, Deep Purple, Nazareth, свае першыя песні я напісаў, пачуўшы Sex Pistols напрыканцы 1970-х. Я трэнькаў на дзвюх струнах, адзін з маіх аднакласнікаў біў у нейкі чамадан, другі — у бубен…
То бок я хачу сказаць, што з аднаго боку, Punk is dead, але з іншага, not dead. Шмат сучасных і папулярных плыняў у рок-н-роле мне зусім не падабаецца. Напрыклад, emo, шмат вельмі цяжкай музыкі, калі яна ператвараецца ў чыста механічны гук, крык. Душы там няма.
— Вяртаючыся да Беларусі, нехта з новай генерацыі выканаўцаў спадабаўся?
— Адзіны гурт, які мяне ўразіў за апошнія гады, — The Toobes. Я не ведаю, аб чым гэтыя хлопцы спяваюць, бо па-ангельску, але гэта зроблена, з аднаго боку, вельмі фірмова і ў старых традыцыях, а з іншага — вельмі сучасна.
— А чаму не з’яўляюцца новыя “Крамы”, N.R.M.?
— Магчыма, таму, што цяперашняя моладзь усё хоча адразу — і славу, і грошы. Хаця мне не вельмі хацелася б, каб з’явіўся гурт, які капіюе “Краму”. Колькі камандаў апошнім часам пайшлі па слядах “Ляпісаў”, але ўсе яны будуць другараднымі, у лепшым разе — плагіятарамі.
— Па выніках нядаўняга сацыялагічнага даследавання “Новак”, самымі папулярнымі выканаўцамі Беларусі сталі Паплаўская і Ціхановіч, з гуртоў наперадзе "Сябры", "Верасы" і "Тяні-Толкай". "Крама" ўверсе не згадвалася. Аб чым гэта сведчыць?
— Я заўсёды кажу, што Ядзя і Саша — народныя артысты Беларусі. Як і Аляксандр Саладуха, які нядаўна ў адной з перадач сказаў, што зарабіў за год мільярд… Гэта сведчыць пра густы людзей. У параўнанні з той жа Польшчай Беларусь не рок-н-рольная краіна.
— У вас мастацкі дыплом. Вашым настаўнікам быў легендарны Міхась Сяўрук. Цяперашнія кампутарныя работы Варашкевіча можна ўбачыць у ЖЖ і на выставах. У звязку з усімі вышэйзгаданымі фактарамі не шкадуеце, што аддалі перавагу музыцы перад маляваннем?
— Я не шкадую, а жартую. Калі б у свой час паехаў па размеркаванні ў рэстаўрацыйную майстэрню ў Горадню, напэўна, мой лёс склаўся б зусім інакш. Аднак цяпер, нягледзячы на крызіс, не вельмі добры матэрыяльны стан, узрост, я не хапаюся за галаву, але працягваю пісаць песні, а замест шклопакетаў у кватэру купляю гітары і вучуся граць на іх.
“У Беларусі ўсё перакулена з ног на галаву”
— Ніколі не было жадання хоць часткова спяваць па-расійску, паспрабаваць прабіцца на расійскім рынку?
— Вялікага жадання не было. Каб займець у Расіі поспех, вакалісту рок-н-рольнага гурта трэба быць паэтам. Я не пішу вершаў, адно раблю нейкую рыбу для нашых аўтараў Насты Гулак і Змітра Лукашука. Былі думкі перакласці нейкія тэксты на расійскую. Але пачынаеш перакладаць, губляецца сэнс, усё становіцца банальным і смешным. Па-беларуску можна сцісла выказаць тое, што ў расійскай вымагае нашмат больш моўных сродкаў.
— З леташнім прызначэннем на пасаду міністра культуры Паўла Латушкі ў незалежным грамадстве з’явіліся спадзевы, што сітуацыя з беларускай мовай, нацыянальнай культурай можа палепшыцца. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Я бы вельмі хацеў у гэта верыць, але, думаю, усё ў гэтай краіне залежыць ад іншага чалавека.
— Пытанне, якое я задаю многім інтэлектуалам. Ці ёсць у Беларусі будучыня без беларускай мовы?
— Безумоўна, у ідэале няма, бо мова — першая прыкмета нацыі. Але так атрымалася, што ў суверэнныя гады беларуская нацыя фармавалася без мовы. Не аднойчы трапляў у сітуацыі, калі самыя розныя людзі раптам пачынаюць ледзь не клясціся: “Мы любім беларускую мову!” А папрасі іх паразмаўляць, яны не змогуць ці не захочуць. У гэтым плане ў нас усё перакулена з ног на галаву, і я не перастаю гэтаму здзіўляцца. Таму рабіць нейкія прагнозы ў Беларусі — няўдзячная справа. Гісторыя “Крамы” гэта даказвае.
Калі б мы жылі ў Польшчы, мелі б зусім іншы статус. Не кажу, што мы былі б суперпапулярнымі, але гэта было б непараўнана з Беларуссю. Тут нас называюць “зоркамі”, “легендамі”, “дыназаўрамі року”, але мне гэта вельмі непрыемна. Гэтак, пасля трохгадовай забароны Хрусталёў (экс-намеснік старшыні праўлення АНТ. — TUT.BY) уключыў нас у нейкую салянку ў Палацы спорту. “Вы іх доўга чакалі і нарэшце дачакаліся”, — праанансаваў ён наш выхад. Выходзім на сцэну, а ў Палацы спорту цішыня, бо для тых людзей, што сабраліся ў зале, “Крама” была пустым гукам…
Мне кажуць: “Будзь аптымістам, кажы, што ўсё добра, што ў вас гастролі, шмат грошай...” Аднак я не магу так рабіць. Быць поўным аптымістам у нашай сітуацыі можа альбо поўны дурань, альбо хлус. Мне ж і ў жыцці, і ў творчасці хочацца заставацца шчырым чалавекам.
Кастусь Лашкевіч, Tut.by