Еўрапарламент прапаноўвае 2 варыянты фармаванння беларускай дэлегацыі ў Еўранэст

Еўрапарламент прапаноўвае ўладам Беларусі два варыянты фармавання беларускай дэлегацыі ў парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (Еўранэст).

Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч, у Еўранэст увойдуць альбо 5 дэпутатаў Нацыянальнага сходу і 5 прадстаўнікоў апазіцыі, альбо ўсе 10 месцаў зоймуць толькі апазіцыянеры.

Пратасевіч нагадаў, што ў дачыненні да Беларусі дзейнічае шэраг санкцый, і яе прадстаўнікі ў адрозненне ад дэлегатаў іншых краін Усходняга партнёрства — Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны — могуць мець толькі статус назіральнікаў, а не чальцоў асамблеі.

Паводле польскіх СМІ, афіцыйны Мінск даў еўрачыноўнікам зразумець, што формула "5+5" магчымая, калі беларускія ўлады будуць мець уплыў на адбор удзельнікаў ад апазіцыі. Аднак парламент ЕС на такі крок пакуль не згаджаецца.

Як нагадвае БелаПАН, напрыканцы лютага Мінск наведае азнаямленчая місія Еўрапарламента, якая плануе правесці сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянскага грамадства.

"Еўрапейсксае радыё для Беларусі"