Падчас абвяшчэння прэзідэнцкай кампаніі Алесь Міхалевіч паказаў неба ў зорках

Пачатак сваёй прэзідэнцкай кампаніі Алесь Міхалевіч вырашыў адзначыць з планетарным размахам — запрасіць з гэтай нагоды ўсіх сяброў і журналістаў у ... планетарый у сталічным Парку імя Горкага.

Там ён не толькі паказаў усім неба ў зорках, але і расказаў, адкуль возьме грошы на выбарчую кампанію, чаму не збіраецца здымацца ні пад аднаго з кандыдатаў і паабяцаў, што гэта толькі пачатак крэатыву, якім ён збіраецца радаваць.

У прынцыпе, той факт, што Алесь Міхалевіч збіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, даўно ужо з’яўляўся сакрэтам палішынеля. Яшчэ некалькі гадоў таму палітык абвясціў пра свае планы, заявіўшы, што тым самым хоча паказаць: у апазіцыі “ёсць адэкватны кандыдат”.

Напэўна, каб прадэманстраваць гэта, наваяўлены кандыдат запрасіў усіх ... у планетарый. Аднак крэатыў на гэтым не скончыўся. Да вялікага здзіўлення прысутных журналістаў, замест прэс-канферэнцыі ім прапанавалі паслухаць лекцыю “Прагулкі па начному зорнаму небу”. Спрабуючы расчытаць у словах лектара нейкі патаемны сэнс, прысутныя паўгадзіны слухалі, “як касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету”.

— А зараз павінна з’явіцца сонца! — урачыста абвясціў на заканчэнне гід і прысутныя ледзь не ў адзін голас выдыхнулі: “Міхалевіч!”.

Аднак той усё яшчэ не спяшаўся абвяшчаць пра сваё вылучэнне і прапанаваў праследаваць у іншае, не менш цікавае, месца.

— У музей? У тэатр? Не, у цырк, — гадалі журналісты і паслухмяна крочылі за палітыкам.

Але месцам другога прыстанішча стала бліжэйшае кафэ. Узвысіўшыся над натоўпам на лесвіцы, Міхалевіч нарэшце голасна абвясціў пра афіцыйны пачатак сваёй прэзідэнцкай кампаніі.

Пазней высветлілася, што ўсё мерапрыемства павінна было адбыцца менавіта ў планетарыі з адной умовай – наведаць лекцыю. Але ў апошні момант у правядзенні прэс-канферэнцыі планетарый адмовіў.

Каб не даць прысутным засумаваць (хаця дзе тут засумуеш з такім крэатывам!), сваю прамову палітык разбаўляў выступамі музыкантаў.

— Я крытычна ацэньваю патэнцыял сённяшняй апазіцыі, — заявіў ён. — Мы выступаем за мадэрнізацыю. Мы — не за ўладу, мы – не за апазіцыю. Мы – за Беларусь!

Міхалевіч таксама расказаў, што ягоную выбарчую кампанію падтрымліваюць беларускія бізнес-суполкі, а таксама прадстаўнікі нашай дыяспары з ўсяго свету.

— Такім чынам, гэта выключна беларускія грошы, — запэўніў Міхалевіч і дадаў: — Гэта адрознівае мяне ад астатніх кандыдатаў.

Ён таксама расказаў, што на гэтым крэатыў у ягонай кампаніі не заканчваецца, і гэта толькі пачатак.

— Будзе яшчэ шмат чаго нетрывіяльнага, незвычайнага і нехарактэрнага для беларускіх палітыкаў, — паабяцаў Міхалевіч.

Што да перспектыў зняцца пад нейкага іншага кандыдата (нагадаем, што некалі Алеся Міхалевіча разглядалі, як статыста кампаніі Аляксандра Мілінкевіча), то зараз палітык адмаўляе такую магчымасць.

— Ужо цяпер зразумела, што адзінага кандыдата не будзе, таму не бачу сэнсу гэта рабіць, — патлумачыў ён. — Я іду як незалежны беспартыйны кандыдат.

Каб падкрэсліць важнасць моманту, Міхалевіч, нарэшце, голасна абвясціў, што ягоная кампанія адпраўляецца ў палёт. А потым, як у песні, сказаў “Паехалі!” – і ўзмахнуў рукой.

Анастасія Зелянкова, "Салідарнасць"