У 2010 годзе ў структуры Міністэрства культуры Беларусі працягнуцца распачатыя летась рэформы. Пра гэта на выніковай калегіі Міністэрства культуры ў Мінску заявіў яго кіраўнік Павел Латушка.
Нагадаем, экс-амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, які ўзначальвае Мінкульт з пачатку чэрвеня, упершыню падрабязна агучыў уласную "праграму дзеянняў" 6 кастрычніка. "Бліжэйшым часам планую правесці рэарганізацыю міністэрства, каб узмацніць дзейнасць упраўленняў, якія адказваюць за дзейнасць менавіта сферы культуры, а не за адміністратыўна-тэхнічнае забеспячэнне працы міністэрства", - распавёў тады міністр журналістам на прэс-канферэнцыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што асаблівая ўвага будзе нададзена ўзаемадзеянню цэнтра з рэгіёнамі, бо "большасць бюджэтных сродкаў вылучаецца якраз праз абласныя і раённыя бюджэты". Напэўна, у выніку абвешчанай рэарганізацыі сваіх пасадаў пазбавіліся намеснік міністра Ўладзімір Грыдзюшка і дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Максім Буданаў.27 студзеня, выступаючы на калегіі Міністэрства культуры, якая падводзіла вынікі 2009 года, Латушка паведаміў, што сёлета будзе праведзена аптымізацыя штатнага раскладу цэнтральнага апарату міністэрства, павышэнне колькасці супрацоўнікаў, адказных непасрэдна за культуру і мастацтва. З’явяцца аддзелы канцэртна-фестывальнай дзейнасці ды творчых устаноў і навучальнай моладзі. Напрыканцы мінулага года Саўмін прыняў рашэнне аб пазбаўленні Дэпартамента незалежнага статусу і пераводзе яго ў падпарадкаванне Міністэрства культуры.Для пашырэння грамадскага дыялогу ў сферы культуры і паляпшэння ўзаемадзеяння міністэрства з творчымі саюзамі плануецца аднавіць дзейнасць Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Мінкульце. Бліжэйшым часам таксама адбудзецца “перазагрузка” дзейнасці Рэстаўрацыйнага савета і Савета па манументальным мастацтве. Адна з галоўных задач міністэрства на 2010 год - аднаўленне дзейнасці Інстытута культуры Беларусі, што павінен заняцца навукова-метадычным забеспячэннем сферы культуры, распрацоўкай стратэгіі яе развіцця. Сярод задач Інстытута таксама прасоўванне беларускай культуры за мяжу і забеспячэнне дзейнасці дыпмісій і культурных цэнтраў Беларусі ў Польшчы і ва Украіне. Сярод недахопаў працы Мінкульта міністр назваў адсутнасць у сферы аналітычнай работы, якая б давала магчымасць аналізаваць сітуацыю, карыстацца досведам суседзяў і іншых замежных краінаў, выпрадукоўваць прапановы па далейшым развіцці. З мэтай паляпшэння інфармацыйнага забеспячэння сферы культуры ў міністэрстве будзе створана пасада прэс-сакратара. Калі папярэднія кіраўнікі Мінкульта па старой савецкай завядзёнцы глядзелі выключна на Усход, дыпламат Латушка пачаў інтэнсіўна ўсталёўваць кантакты з міністрамі суседніх Польшчы і Літвы, вынікам чаго сталі іх візіты ў Беларусь і падпісанне шэрагу міжурадавых дамоў аб супрацоўніцтве. Пасля ж, напрыклад, візіту ў Мінск прэзідэнта-дырэктара Нацыянальга музея Францыі была дасягнутая дамоўленасць аб арганізацыі экспазіцыі імпрэсіяністаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і выставы вядомага беларускага жывапісца Івана Хруцкага, 200-годдзе якога адзначаецца сёлета, у Парыжы. Мінкульт Беларусі плануе і надалей пашыраць кантакты з міністэрствамі суседніх краінаў, а таксама сябрамі Еўразвязу, выкарыстоўваючы выгоды праграмы Ўсходняе партнёрства. Апроч гэтага плануецца правядзенне дзён культуры Беларусі ў Расіі, Арменіі, Венгрыі, Кітаі, Літве, Славеніі і Дзён культуры Казахстана і Туркменістана ў Беларусі.Латушка зноў запэўніў, што сфера культуры з’яўляецца абсалютна натуральным асяроддзем для развіцця беларускай мовы. Згадаўшы вынікі сацыялагічнага даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта, згодна з якім больш за палову жыхароў Беларусі выступаюць за пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў жыцці, міністр у чарговы раз падкрэсліў, што прымус - недапушчальны. “Гэта павінен быць шлях усведамлення асобы”, - адзначыў ён. Міністр таксама выказаў незадавальненне вынікамі другога даследавання ІАЦ, якое выяўляла культурна-каштоўнасную арыентацыю моладзі: “Толькі для 48% сельскіх і 42% гарадскіх жыхароў адказалі, што сярод важкіх каштоўнасцяў знаходзіцца культура. Такая сітуацыя не можа нас задавальняць”.У 2009 годзе з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на падтрымку сферы культуры было выдаткавана 923 млрд рублёў, а таксама 11 млрд на выкананне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 146,6 млрд, што на 20% болей, чым у 2008 годзе. У сферы культуры Беларусі, па даных міністэрства, сёння працуе 64 тысячы чалавек. Сярод буйнейшых культурных мерапрыемстваў года Павел Латушка назваў 80-годдзе з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча (у Кіеве пісьменніку адкрыюць помнік), 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, а таксама праект “Культурная сталіца Беларусі”, якой упершыню ў гісторыі стаў Полацк.Распачаўшы пасля прыходу на пасаду міністра беларусізацыю айчыннай культуры, Латушка паведаміў пра распрацоўку Мінкультам праграмы “Культура Беларусі на 2011-2015 гады”, якая павінна стаць стратэгіяй развіцця сферы на сярэднетэрміновую перспектыву. Мэта праграмы – "захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне спрыяльных умоў для дынамічнага развіцця нацыянальнай культуры".Кастусь Лашкевіч, Tut.by