"У мове і праз мову выражаецца супольная памяць, традыцыя і культура народа. Мова яднае народ, робіць яго маральна моцным і трывалым, нягледзячы на зменлівыя каляіны лёсу.
"У мове і праз мову выражаецца супольная памяць, традыцыя і культура народа. Мова яднае народ, робіць яго маральна моцным і трывалым, нягледзячы на зменлівыя каляіны лёсу. Мова, з’яўляючыся сінтэзам нацыянальных каштоўнасцяў, утварае фундамент тоеснасці нацыі", — гэта ўрывак з пастырскага паслання Епіскапату Польшчы адносна пытання культуры польскай мовы, якое было зачытана альбо вывешана ва ўсіх каталіцкіх святынях Польшчы 17 студзеня бягучага года.
Чаму біскупы Польшчы вырашылі на такім высокім узроўні заняцца тэмай, якая, здавалася б, не звязана непасрэдна з рэлігіяй і евангелізацыйнай місіяй Касцёла? Хоць гэта непасрэдна і не гаворыцца ў пасланні, але няцяжка здагадацца, што біскупы Польшчы зыходзяць тут з інтэгральнага разумення чалавечай істоты. Філасофская антрапалогія настойліва падкрэслівае, што чалавек ёсць істота разумная (homo sapiens), грамадская (homo socialis) і рэлігійная (homo religiosus) адначасова. Немагчыма па-сапраўднаму служыць чалавеку ў яго рэлігійным вымярэнні, ігнаруючы, напрыклад, яго грамадска-культурнае вымярэнне. Таму, хоць моўная культура не належыць да рэлігійнага вымярэння чалавечай экзістэнцыі, аднак жа клопат высокіх прадстаўнікоў Касцёла апраўданы тым, што гэтая культура мае вялікае значэнне для інтэгральнага развіцця чалавека.
Усё гэта мімаволі прымушае падумаць пра стан беларускай мовы ў нашай краіне ў цэлым і ў Каталіцкім Касцёле ў прыватнасці. Наша мова прайшла і ўсцяж праходзіць непараўнальна большыя выпрабаванні, чым мова суседніх народаў. Пасля заняпаду старабеларускай культуры ў XVII–XVIII стст. мы, можна сказаць, не мелі ані сіл, ані гістарычных магчымасцяў, каб прыўзняцца і адрадзіцца. Мы не мелі міжваеннага перыяду незалежнасці, як палякі альбо літоўцы, а ў дарэвалюцыйны час ні адзін гектар Беларусі не меў таго камфорту, які мелі тыя ўкраінцы, якія аказаліся пад аўстрыйскай уладай. У той час як у Літве ці Польшчы рыма-каталіцкае духавенства, на Украіне — грэка-каталіцкае, можна сказаць, было авангардам моўна-культурнага адраджэння, у Беларусі толькі адзінкі адважваліся стаць на такі шлях.
Сёння адважваюцца стаць на гэты шлях не адзінкі, а, скажам, дзесяткі. Не без радасці і ўдзячнасці трэба адзначыць, што ўнутры Рыма-каталіцкага Касцёла беларуская мова гучыць часцей, чым у іншых сферах публічнага жыцця. У нешматлікай Грэка-каталіцкай Царкве родная мова замацавана шматвекавой традыцыяй і займае выключнае месца.
Аднак ці дастаткова гэтага? Ці беларуская мова ў Беларусі мае менш праблем, чым польская мова ў Польшчы? Ці не павінна яна стаць прадметам больш пільнай увагі з боку пастыраў?
Моўнае пытанне ў Касцёле ў Беларусі мае, вядома ж, свой кантэкст і сваю спецыфіку. Ведаем, што многія католікі схіляюцца да польскай мовы ў касцёле — хтосьці таму, што свядома атаясамлівае сябе з польскай нацыяй, а хтосьці ў сілу традыцыі. Несумненна, польскамоўная каталіцкая культура мае права існаваць і развівацца ў Беларусі, а клопат пра беларускую мову ні ў якім разе не павінен быць скіраваны на выкараненне ці несправядлівае выцясненне польскай мовы.
Тут, аднак, неабходна тое, што называецца "прытомнасцю сэрца". Беларуская мова канае на сваёй уласнай тэрыторыі. Пытанні, хто вінаваты ў гэтым, трэба адсунуць у бок. Трэба адмовіцца таксама ад недарэчных спрэчак наконт таго, якое ведамства і калі павінна займацца гэтай праблемай. Бо адказ тут відавочны: кожны чалавек добрай волі павінен гэтым займацца. А таксама кожная ўстанова, якая называецца "культурнай", "рэлігійнай" альбо "хрысціянскай". Кожны, хто імкнецца служыць інтэгральнаму чалавеку, павінен адчуваць сваю адказнасць за беларускую мову.
Пётра Рудкоўскі, catholic.by