У Мінску прэзентавалі кнігу Рыгора Барадуліна "Навошта" + фота

У простых рэчах ёсць свой асаблівы шарм. Пацверджанняў таму шмат. Адным з іх ёсць беларускія фотаздымкі Джона Кунстадтэра, які некалькі год працаваў намеснікам амбасадара ЗША ў Беларусі, і па ягонаму прызнанню закахаўся ў нашу краіну.

Гледзячы на ягоныя фотаздымкі, ахвотна ў гэта верыцца. Простыя рэчы, простыя беларускія людзі… Здаецца, нічога асаблівага,але ў той жа час кожны твор Кунстадтэра, а менавіта так хочацца назваць ягоныя фотаздымкі, кранае сваёй шчырасцю і цеплынёй.

Дакрануцца да гэтага мора шчырасці і цеплыні, роўна як і асабіста пазнаёміцца з яго стваральнікам можна было 15 студзеня ў літаратурным музеі Янкі Купалы падчас адкрыцця фотавыставы Джона Кунстадтэра, сумешчанай з прэзентацыяй кнігі вершасказаў Рыгора Барадуліна “Навошта”, цудоўным аздабленнем якой сталі фотаздымкі Кунстадтэра.

Пра гісторыю стварэння кнігі расказаў падчас прэзентацыі яе ўкладальнік бард Алесь Камоцкі. А пачалося ўсё з таго, што некалькі гадоў таму ў Алеся Камоцкага выйшла кніга пад назвай “48”. Убачыўшы яе, Рыгор Барадулін сказаў: “Я таксама хачу такую кніжку”. Тады Алесь Камоцкі і пачаў паціху збіраць барадулінскія вершасказы. У кнігу, натуральна, увайшлі не ўсе. “Некаторыя мы так раўнялі супольна з аўтарам, пасля чаго што атрымалася, тое атрымалася, — распавядае Алесь Камоцкі. — І вельмі ўдала атрымалася тое, што Джон Кунстадтэр згадзіўся даць свае фотаздымкі. Ён улюбёны ў Беларусь, а мы ужо колькі гадоў улюбёныя ў яго фота”.

Свае ўражанні пра кнігу “Навошта” выказала паэтка Людміла Хейдарава: “У гэтых вершасказах Барадулін запрашае чытача да сутворчасці. І нават адзін радок, кожны з гэтых вершасказаў быў бы геніяльным, і зрабіў бы любы твор геніяльным. Няхай гэта была б проза, няхай гэта быў бы верш. Але тая вышыня мудрасці, тая вышыня афарыстычнасці, тая вышыня мастацкасці і светаўспрымання — гэта увесь народ у кожным радку”.

На жаль, сам Рыгор Барадулін не змог прысутнічаць на прэзентацыі, аднак абяцаў быць на закрыцці выставы — 15 лютага. Так што ў самых цярплівых яшчэ будзе шанец атрымаць аўтограф дзядзькі Рыгора.

Цудоўным аздабленнем вечару стала музыка гурта “Дзівасіл”.

Дапамогу ў выданні кнігі аказала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

navoshta_1

Кнігу прэзентуе ўкладальнік Алесь Камоцкі

Джон Кунстадтэр

Гурт "Дзівасіл"

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"