Полацк — афiцыйна культурная сталiца краiны

21 студзеня самы старажытны горад Беларусi — Полацк афiцыйна атрымае статус "Культурная сталiца краiны". Па iнiцыятыве Мiнiстэрства культуры Беларусi ўпершыню праводзiцца спецыяльная рэспублiканская акцыя па штогадовым вызначэннi культурных сталiц. Першым стаў менавiта Полацк.

— Полацк правамерна заслужыў першым з беларускiх гарадоў атрымаць такi статус, — распавядае "Звяздзе" старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзiмiр Тачыла. — І гэта не наша заслуга, а ўсiх тых нашых землякоў, якiя праславiлi горад на ўвесь свет. Iх iмёны добра вядомыя не толькi беларусам.

Вельмi сiмвалiчна атрыманне ганаровага статусу на фоне 100-годдзя знаходжання ў Полацку мошчаў Святой Ефрасiннi. Мы, лiчу, зрабiлi толькi невялiкi ўнёсак у адраджэнне культурных традыцый горада. Пастаралiся карпатлiва прывесцi ў парадак, адрамантаваць, аднавiць помнiкi дойлiдства, якiя з'яўляюцца ўпрыгажэннем горада.

— Полацк вядомы яшчэ i як турыстычная сталiца. Колькi турыстаў пабывала летась у Полацку?

— Мы з задавальненнем прымалi каля мiльёна турыстаў. Гэта пры тым, што ў горадзе пражывае меней за 90 тысяч чалавек. Каб яшчэ больш людзей прыязджалi да нас, актыўна развiваем iнфраструктуру для прыёму гасцей. Гатэлi, сучасны сэрвiс, яшчэ шмат чаго трэба нам зрабiць, каб горад у сферы арганiзацыi турызму адпавядаў лепшым сусветным стандартам.

Верагодна, у сувязi з прыемнай падзеяй увесь год будуць праводзiць у Полацку культурныя акцыi?

— Полацк заўсёды насычаны падзеямi. Штогод адкрываюцца новыя помнiкi. Праводзяцца фестывалi, ажыццяўляюцца самыя розныя цiкавыя праекты. Безумоўна, палачане вельмi ўдзячныя мiнiстру культуры, губернатару Вiцебскай вобласцi, якi падтрымаў цiкавы пачын, за давер.

Статус будзе адыгрываць i добрую выхаваўчую ролю. Юнае пакаленне разам з дарослымi можа ганарыцца, што жывуць у горадзе з багатай гiстарычнай спадчынай. Моладзi неабходна цанiць i аберагаць тое, што дасталася нам ад продкаў. Шчыра любiць сваю малую Радзiму.

Паводле слоў начальнiка аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Iны Саховiч, у такi знакавы для Полацка дзень у горадзе з нецярпеннем чакаюць афiцыйную дэлегацыю з Мiнска на чале з мiнiстрам культуры. Ганаровае адкрыццё рэспублiканскай акцыi з удзелам знакамiтага беларускага калектыву "Харошкi" пройдзе ранiцай у гарадскiм цэнтры культуры. Днём эпiцэнтрам святочных падзей стане Сафiйскi сабор. А ўвечары ў Доме культуры "Шкловалакно" для гараджан правядуць святочны канцэрт.

Аляксандр Пукшанскі, "Звязда"