Грамадзянам Украіны могуць дазволіць знаходжанне на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі на працягу 30 дзён. Такое палажэнне змяшчае беларуска-ўкраінскае міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян, якое маюць намер ратыфікаваць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на веснавой сесіі.
Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў. Беларускім заканадаўствам прадугледжана рэгістрацыя ў органах унутраных спраў усіх замежных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны больш за 3 рабочыя дні. Ва Украіне іншаземцы могуць знаходзіцца без рэгістрацыі да 90 дзён. Міжурадавае пагадненне прадугледжвае магчымасць знаходжання грамадзян адной дзяржавы на тэрыторыі другой без рэгістрацыі на працягу 30 дзён. Як растлумачылі ў камісіі, цяпер аналагічны парадак адносна грамадзян Беларусі дзейнічае ў Расіі, Літве і Латвіі. Дакумент таксама прадугледжвае парытэтныя ўмовы вызвалення грамадзян дзвюх дзяржаў ад рэгістрацыі ў кампетэнтных органах па месцы іх знаходжання пры наяўнасці міграцыйнай карткі. Акрамя таго, пагадненне захоўвае бязвізавы рэжым паездак для ўсіх катэгорый грамадзян Беларусі і Украіны. Адначасова агавораны парадак паездак непаўналетніх дзяцей, а таксама працэдура вяртання на тэрыторыю роднай дзяржавы для тых, хто страціў праязныя дакументы. Тэкст пагаднення ўтрымлівае палажэнне аб тэрміне знаходжання грамадзян на тэрыторыі дзяржавы бакоў да 180 дзён на працягу года (90 дзён на працягу паўгода) з даты першага ўезду. У Палаце прадстаўнікоў лічаць, што ратыфікацыя пагаднення не прывядзе да фінансавых, эканамічных, палітычных і іншых наступстваў негатыўнага характару для Беларусі. Наадварот, гэта дасць магчымасць аптымізаваць парадак паездак грамадзян дзвюх краін, будзе садзейнічаць развіццю турызму і дзелавых сувязей. Паводле інфармацыі беларускага парламента, украінскі бок ужо выканаў унутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб бязвізавых паездках грамадзян.
Кацярына Нячаева, "БЕЛТА"