Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў План своечасовай падрыхтоўкі Рэспублікі Беларусь да абароны. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр абароны Юрый Жадобін учора пасля рабочай нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі краіны.
"Кіраўніку дзяржавы быў даложаны перапрацаваны План своечасовай падрыхтоўкі нашай дзяржавы да абароны. У гэтым дакуменце ўлічаны ўсе складальнікі абстаноўкі, не толькі з пункту гледжання ваеннай бяспекі, але і фінансавыя, эканамічныя магчымасці дзяржавы", - сказаў Юрый Жадобін. Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы зацвердзіў прынцып пабудовы плана і адлюстраваныя ў ім этапы, пагадзіўшыся з тым, што план гатовы да зацвярджэння. "Пры нас ён (план. - Заўвага БЕЛТА) быў падпісаны і з сённяшняга дня ўступіў у дзеянне", - удакладніў міністр абароны. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе рэалізацыі Канцэпцыі будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2020 года. Абмяркоўваліся пытанні набыцця і аснашчэння арміі сучаснымі сродкамі ўзброенай барацьбы, аптымізацыі колькасці Узброеных Сіл, інфраструктуры ваенных гарадкоў і інш. "Усё гэта было даложана кіраўніку дзяржавы і ў цэлым атрымала яго адабрэнне. Лічу, мы можам рэалізаваць задачы, якія былі сёння пастаўлены Прэзідэнтам, асабліва тыя, на аператыўнае вырашэнне якіх былі зроблены асаблівыя акцэнты", - дадаў Юрый Жадобін.