Штомесячнай платы за арэнду 5 мільёнаў рублёў ТБШ не пацягнула. Знік легендарны асяродак беларушчыны.Кіраўніцтва мясцовага Таварыства беларускай школы больш не можа аплочваць арэнду памяшкання.
Плошча офіса ТБШ — амаль 90 кв м. Штомесячная плата за арэнду разам з падаткам на дададзеную вартасць, камунальнымі выплатамі і паслугамі сувязі складае больш за 5 мільёнаў рублёў.
Паводле словаў старшыні Таварыства беларускай школы Таццяны Канопкінай, грамадскае аб’яднанне не ў стане надалей выдаткоўваць такую вялізную суму толькі на ўтрыманне офіса.
"Мы зменім пакой, але юрыдычны адрас захаваем, — расказала НН Таццяна Канопкіна. — Змена месца знаходжання адмоўна не паўплывае на нашу дзейнасць. Мы будзем працягваць ладзіць культурніцкія вечарыны для гарадзенцаў".
ТБШ арандавала офіс ва унітарнага прадпрыемства "Форт". Паводле Т. Канопкінай, усе спробы дамовіцца з уласнікам УП аб зніжэнні цэнаў станоўчых вынікаў не прынеслі.
У дадзеным памяшканні гродзенскае аддзяленне ТБШ ладзіла культурна‑асветніцкія мерапрыемствы з 2003 года.
"Імпрэза адбудзецца па адрасе Будзённага
Перад тым 7 гадоў, аж да свайго закрыцця, тут месцілася "Ратуша". Па словах Аляксандра Мілінкевіча, які ачольваў грамадскае аб’яднанне ў сярэдзіне 90-х, гэта было сімвалічнае месца.
У гэтых сценах прайшлі ўстаноўчыя сходы рэгіянальнай кааліцыі "Гарадзенская ініцыятыва" С. Домаша, Руху "За свабоду". Тут з мясцовай грамадой сустракаліся Арлоў, Вольскі і Булгакаў.
Сярод заснавальнікаў "Ратушы" быў вядомы бард Віктар Шалкевіч: "З’яўленне такога асяродку — сімвал свайго часу. Гэта было знакам аднаўленняў у грамадстве, — кажа ён. — Яшчэ доўга шмат народу будзе ўспамінаць з удзячнасцю гэтае месца. Будуць памыляцца дзверамі і запытвацца: "Дзе тут была "Ратуша?", "Дзе цяпер ТБШ?"