У праекце бюджэту-2010 Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі адводзіцца амаль 15 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта больш за палову сумы, якую плануецца выдзеліць Нацыянальнаму сходу Беларусі - вышэйшаму заканадаўчаму органу!
Пытанне аб тым, за якія заслугі правініўшаяся грамадская арганізацыя атрымлівае такія грошы, застаецца адкрытым. Бо БРСМ так і не выканаў даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова заклікаў арганізацыю выйсці да 2010 года на самаакупнасць. Такім чынам, у праекце бюджэту на 2010 год пазначана, што БРСМ атрымае 14 783 778 тысяч рублёў. А, да прыкладу, Нацыянальнаму сходу Беларусі, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, выдзяляецца 25 813 712 тысяч. І гэта улічваючы, што БРСМ - грамадская арганізацыя, а Нацыянальны сход - вышэйшы заканадаўчы орган! Адзначым, што ў параўнанні з 2009 годам, калі з рэспубліканскай казны моладзевай арганізацыі было выдаткавана 17,5 млрд рублёў, цяперашнія датацыі БРСМ ўсё-ткі зменшыліся. Аднак варта звярнуць увагу, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала ў кастрычніку 2006 года, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен быў выйсці на самаакупнасць да 2010 года. - Не глядзіце на мяне як на нейкі куфар з грашыма, - казаў кіраўнік Беларусі лідэрам БРСМ яшчэ раней, у 2005-м. Аднак тыя і па заканчэнні амаль пяці гадоў пасля пастаўленых ім задач глядзяць на бюджэт, які папаўняецца за кошт падаткаплацельшчыкаў, як на запоўнены куфар. Цікава, колькі яшчэ гэта будзе працягвацца? Характэрна, што на сайце БРСМ па-ранейшаму няма падзелу, дзе было б распісана, на якія праграмы і праекты траціцца бюджэт. Пры гэтым там выразна паказана, што адной з галоўных мэтаў арганізацыі з'яўляецца фарміраванне ў моладзі ўстойлівага жадання садзейнічаць росквіту Беларусі.
Алена Якжык, “Салідарнасць”