Беларускія і ўкраінскія спецыялісты працягнуць працу па віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі Храптовічаў

Беларускія і ўкраінскія спецыялісты працягнуць працу па віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі Храптовічаў. Пра гэта на прэзентацыі электроннага выдання "Кніжнае выданне роду Храптовічаў" паведаміла загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Кірэева.

Праект віртуальнай рэканструкцыі збору Храптовічаў ажыццявілі сумесна НББ і нацыянальная бібліятэка Украіны ім. У.І. Вярнадскага пры падтрымцы ЮНЕСКА. Электроннае выданне "Кніжны збор роду Храптовічаў" прысвечана радавой бібліятэцы графоў Яўхіма Літавора Храптовіча і Адама Храптовіча, выдатных дзяржаўных, ваенных, палітычных і рэлігійных дзеячаў. Калекцыя збіралася на працягу XVIII-ХІХ стагоддзяў і налічвае ў цяперашні час звыш 2 тыс. экзэмпляраў кніг. У электроннае выданне, пабудаванае па храналагічным прынцыпе, увайшлі бібліяграфічныя апісанні і копіі тытульных лістоў інкунабул (XV стагоддзе), палеатыпаў (першая палова XVI стагоддзя), выданняў другой паловы XVI-XVII стагоддзяў і друкарняў Вялікага княства Літоўскага. У выданне ўключаны артыкулы пра гісторыю роду Храптовічаў і пра бібліятэку, а таксама спіс літаратуры, прысвечанай гісторыі роду і яго кніжнай калекцыі. У электроннае выданне ўвайшло некалькі паўнатэкставых рукапісаў. Як адзначыла ў сваю чаргу загадчыца аддзела рэдкіх і старадрукаваных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны ім. У.І. Вярнадскага Галіна Кавальчук, гэта не канчатковы вынік сумеснай работы. "Мы рады настойлівай ініцыятыве беларускіх калег і з задавальненнем адгукнуліся на прапанову, каб кнігі не былі мёртвым капіталам. Кнігі павінны служыць людзям", - сказала прадстаўнік Нацыянальнай бібліятэкі Украіны. Беларускія і ўкраінскія спецыялісты працягнуць работу па апісанню кніг XVIII стагоддзя, якія не ўвайшлі ў гэты дыск. Акрамя таго, украінскія спецыялісты будуць шукаць кнігі са збору Храптовічаў у іншых бібліятэчных установах краіны. У прыватнасці, кнігі могуць знаходзіцца ў калекцыі бібліятэкі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта ім. Тараса Шаўчэнкі.

Жанна Катлярова, БЕЛТА