Былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, палітзняволены Андрэй Пятроўскі даслаў з-за кратаў спіс кніг, якія лічыць вартымі ўвагі: Караткевіч, Арлоў, Дайнека, Аляхновіч і іншыя.
«Я не буду тлумачыць, у чым вартасць кожнай кнігі, чым яны мяне ўразілі. Проста на гэта пайшоў бы цэлы сшытак. Яшчэ хачу сказаць, што для кожнай кнігі павінны быць свой час, свой перыяд жыцця, настрой, карацей, кажучы, розныя фактары, якія ўплываюць на ўспрыняцце кнігі. Калі ты яе прачытаў: у дзяцінстве, у сталым узросце, які быў настрой: сумны, вясёлы; ты быў закаханы, ці не і г.д.
Я проста прапаную спіс кнігі, якія ўспомніў. Гэта больш, чым топ 10:
1. У. Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі»
2. У. Арлоў «Краіна Беларусь», «Таямніца полацкай гісторыі», «Рэквіем для бензапілы», «Дзень, калі ўпала страла», «Ордэн Белай мышы»,
3. С. Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд»
4. В. Быкаў «Доўгая дарога дадому» (мемуары)
5. А. Карпюк «Развітанне з ілюзіямі» (мемуары), «Данута»
6. А. Глобус «Толькі не гавары маёй маме», «Дамавікамерон»
7. Я. Колас «Новая зямля»
8. Л. Дайнека «Жалезныя жалуды»
9. І. Мележ «Людзі на балоце»
10. Я. Маўр «У краіне райскай птушкі»
11. А. Камінскі «Пад хвалямі Крэўскага мора»
12. А. Чарнышэвіч «Засценак Малінаўка»
13. А. Горват «Радыва Прудок»
14. Ф. Аляхновіч “У купцюрах ГПУ»
Магчыма, штосьці ўспомніцца пазней, калі ліст ужо будзе ляцець да Вас.
Бывайце, быць дабру!»
Андрэй Францавіч Пятроўскі — былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні, асуджаны па крымінальнай справе па ч.1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта).
Пятроўскі скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Андрэй Пятроўскі папрацаваў у розных школах Смаргоні і раёна. Апошнія тры гады аддаў мясцовай гімназіі. У сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у «сямейны чатк». Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у адносінах да прэзідэнта). Па версіі абвінавачвання, ролік «змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта».
Суддзя Людміла Міхневіч пакарала былога настаўніка паўтара гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымаць Андрэя Пятроўскага можна лістамі па адрасе: ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.