Тры юбілеі

Старадарожскаму музею выяўленчага мастацтва спаўняецца 10 год. У аснову музея пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальерны збор (каля 600 экз.), нумізматычны збор.

Старадарожскаму музею выяўленчага мастацтва спаўняецца 10 год. У аснову музея пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальерны збор (каля 600 экз.), нумізматычны збор..

Месціцца музей у чатырох  двухпавярховых дамах, зведзеных пад адзін дах. Плошча экспазіцыі каля 500 кв.м. Мае каля 4 тысяч экспанатаў. Экспазіцыя размешчана ў 8 тэматычных залах і помнікі ў дворыку музея.. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 снежня 1999 года.

Пра музей змешчаны шматлікія матэрыялы на сайце  www.spadczyna.orq.

Стваральнік Старадарожскага музея Анатоль Белы, з’яўляецца адначасова і кіраўніком Мінскага клуба “Спадчына”, якому ў сакавіку гэтага года споўнілася 25 год.

Культурна-асветны клуб “Спадчына” створаны ў сакавіку 1984 года ў Мінску з мэтай прапаганды і папулярызацыі беларускай культуры і гісторыі. Кіраўніцтва ажыццяўляе рада на чале са старшынёй А.Я.Белым. На пасяджэнні запрашаюцца навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы, абмяркоўваюцца іх навуковыя паведамленні і рэфераты. Члены клуба адзначаюць выдатныя падзеі ў грамадскім і культурным жыцці краіны, праводзяць мастацкія выстаўкі: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Мінск, Магілёў, 1990, 1991), “Францішак Скарына” (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1993), “Уладары старажытнай Беларусі” (Мінск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Мінск, 1994, 1996) і іншыя.

Святочны канцэрт, прысвечаны 25 годдзю клуба “Спадчына” пройдзе 12 снежня ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) у Мінску.

Нарэшце, яшчэ адзін юбілей святкуе сам стваральнік Старадарожскага музея і кіраўнік клуба “Спадчына”, беларускі грамадска-культурны дзеяч Анатоль Белы. 10 снежня Анатолю Яўхімавічу споўніцца 70 год.

Анатоль Белы нарадзіўся 10 снежня 1939 года ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967). З 1995 года выкладаў у БДУ. Старшыня грамадска-асветніцкага клуба “Спадчына” (1984). Член Саюза мастакоў Беларусі (1995). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). Прафесар, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999). Член Міжнароднай  Акадэміі навук Еўразіі (Мінск, 2005).

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны Анатоль Белы  ўганараваны ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, двумя граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяка за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007).

Паводле інфармацыі Анатоля Валахановіча