На днях у гістарычным цэнтры Мінска, амаль на самым скрыжаванні вуліц Рэвалюцыйная і Няміга ў парушэнне заканадаўства і пастановы Мінкультуры быў часткова знішчаны будынак 19-га стагоддзя, які з’яўляецца часткай комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі.
Як распавёў TUT.BY старшыня рэспублiканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, яшчэ 26 жніўня адбылося паседжанне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, на якім было прынята рашэнне дэмантаваць канструкцыі будынку № 24-а па вуліцы Рэвалюцыйнай ручным спосабам з іх наступным узнаўленнем.
Дом 24-а вядзе гісторыю ад другой паловы 19-га стагоддзя. Адным з яго ўладальнікаў была сям’я Залкіндаў. Пасля пажару 1881 года мяшчанская камяніца неаднаразова перабудоўвалася. Цяпер на яго месцы запланавана пабудова гандлёва-офіснага цэнтра з падземным паркінгам.
“11 лістапада у абыход рашэння Навукова-метадычнай рады, якое прадпісвала ручную разборку канструкцый, і без дазволу Міністэрства культуры КУП “Мінская спадчына” спрабавала зруйнаваць згаданы будынак, - распавядае Антон Астаповіч. - Намаганнямі грамадскасці і спецыялістаў Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры незаконныя дзеянні былі спынены. Галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Жых паабяцаў выконваць працы на аб’екце толькі згодна з рэкамендаванымі тэхналогіямі. Але ж атрымаўшы дазвол міністэрства, у якім прадпісвалася толькі ручная разборка, каб потым як мага болей аўтэнтычнага матэрыялу было выкарыстана пры рэканструкцыі будынку, зрабіў недапушчальнае. 30 лістапада “Мінская спадчына” і падрадная арганізацыя (невядомая, бо ў парушэнне нарматыўна-прававых дакументаў адсутнічае пашпарт аб’екта) пачала руйнаванне помніка пры дапамозе экскаватара. Цэлае крыло пабудовы ўжо знішчана”.
Па словах старшыні Таварыства аховы помнікаў, былі парушаны артыкулы 27, 28 і 37 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, іншыя нарматыўна-прававыя акты, шэраг міжнародных метадычных дакументаў ў галіне аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Міністэрства культуры перапыніла працы на аб'екце, падрыхтаваўшы матэрыялы па парушэннях заканадаўства для ініцыявання пракурорскай праверкі.
У сваю чаргу Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў звярнулася ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска з просьбай “прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт 344 Крымінальнага кодэксу РБ галоўнага інжынера КУП “Мінская спадчына” М. Жыха і прадстаўнікоў падраднай арганізацыі, вінаватых у свядомым пашкоджанні гісторыка-культурнай каштоўнасці, якое было здзейснена групай асобаў, і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дырэктара КУП “Мінская спадчына” П.Шыкунца па арт. 428 Крымінальнага кодэксу РБ у сувязі з тым, што яго бяздзейнасць як кіраўніка прадпрыемства, прывяла да нанясення істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян і грамадскім інтарэсам”.
Знішчэнні працягваюцца…
За мінулыя 15 год пераважная большасць аўтэнтычных забудоў у гістарычным цэнтры Мінска была знесена, зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя падробкі. Толькі ў 2008-09 гадах у сталiцы зруйнавалi багата ўнiкальных помнiкаў Верхняга горада 18-19 стагоддзяў на вулiцах Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кiрылы i Мяфодзія, Камсамольскай, на плошчы Свабоды, якiя мелi статус недатыкальных.
Вось толькі некаторыя з іх. Пры будаўнiцтве Асветнага цэнтру Рускай праваслаўнай царквы на вулiцы Гандлёвай знiшчаны тры дамы 17-19 стст. i гаспадарчая пабудова 19 ст. - уся гiстарычная забудова. На вулiцы Вызвалення разбураныя тры дамы 18-19 стст. на скрыжаваннi з Замкавай. На Герцэна на месцы мяшчанскiх дамоў i гаспадарчых манастырскiх пабудоў з'явiлiся муляжы з сiлiкатнай цэглы. На Камсамольскай зруйнаваныя ўсе дамы 18-19 стст. на адцінку ад Рэвалюцыйнай да Нямiгi. На той жа Рэвалюцыйнай разбурана 5 дамоў 18-19 стст. Цалкам разбураны дом 19 ст. па Калектарнай…
Славуты паркiнг на Нямiзе, насамрэч, аказаўся на два паверхi большы, чым быў на карцiнках праекту i цалкам захiнуў сабой вiд на верхнi горад. Праз адсутнасць рамонту ў сакавiку 2008-га абрынулася адна з вежаў Пiшчалаўскага замку (ён жа - следчы iзалятар № 1, цi Валадарка) - помнiка класiцызму 19 ст. Пералiк можна працягваць i працягваць…
“Гэта вынiшчэнне не толькi аўтэнтычнай комплекснай забудовы, але i той гiстарычнай матрыцы, абапiраючыся на якую ў будучынi можна правесцi сапраўдную рэстаўрацыю паводле мiжнародных стандартаў”, - лiчыць старшыня рэспублiканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры Антон Астаповiч.
З прыходам улетку на пасаду міністра культуры Паўла Латушкі з’явіўся спадзеў, што ахавая сітуацыя з выратаваннем помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны пасунецца з месца. На апошняй прэс-канферэнцыі ён агучыў задачы, пра якія незалежныя эксперты цвердзілі гадамі, аднак заставаліся непачутымі ўладай.
Па-першае, гэта паляпшэнне навукова-метадычнага нагляду за рэканструкцыяй аб’ектаў. Па-другое, удасканаленне ўзаемадзеяння паміж заказчыкам, навуковым кіраўніком і выканаўцам работ. Па-трэцяе, узмацненне ролі Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і Грамадскага назіральнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры.
Аднак, выглядае, што на справе пакуль усё гэта не надта дзейнічае, і гора-будаўнікі працягваюць сваю чорную справу.
“Цяперашняе кіраўніцтва горада разумее важнасць гістарычнай забудовы, аднак яно не лічыць, што старыя будынкі трэба захоўваць. Таму існуе тэорыя, што старызну можна разбурыць, а на руінах пабудаваць больш прыгожую копію з сучасных матэрыялаў, - выказаўся ў інтэрв’ю TUT.BY найлепшы знаўца сталіцы, доктар гістарычных навук Захар Шыбека. - Пачатак гэтаму быў пакладзены ў Траецкім прадмесці - прыклад абсалютна штучнай, неаўтэнтычнай рэстаўрацыі. Людзі не разумеюць, што такіх муляжоў, як гатэль "Еўропа", можна пабудаваць колькі заўгодна, але ж турыстаў імі не зацікавіш".
Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY