Ці атрымаецца ў беларусаў з літоўцамі блакбастэр пра Грунвальд?

У ліпені 2010 года ў Беларусі, Літве і Польшчы будуць адзначаць 600-годдзе легендарнай перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Адным з вянцоў святкаванняў мае стаць стварэнне маштабнага літоўска-беларускага мастацкага фільма аб гераічнай старонцы нашай супольнай гісторыі. Не хапіла грошай - запрасілі беларусаў Здымкі мастацкай стужкі пра Грунвальд (па-літоўску - "Жальгірыс") - ідэя літоўская. Яшчэ некалькі гадоў назад нашы суседзі абвясцілі конкурс праектаў поўнаметражных фільмаў у межах адзначэння 1000-годдзя першай летапіснай згадкі Літвы. Сярод 12 заяўленых работ перавагу атрымаў менавіта "грунвальдскі праект". Напэўна, і рэалізаваны ён быў бы ўласна літоўскімі сіламі, калі б не дзве прычыны: адсутнасць вялікіх сродкаў (паводле папярэдніх падлікаў, 17 млн літ) і эканамічны крызіс. Гэтак, у траўні партал DELFI.lt са спасылкай на прадзюсара фільма Арунаса Стошкуса паведаміў, што запланаваныя здымкі фільма "Грунвальд - дзень жалеза" адкладзены на нявызначаны час. Аднак у пачатку кастрычніка міністр культуры Беларусі Павел Латушка заявіў, што падчас сустрэчы з літоўскім калегам Рымігіюсам Вілкайцісам у Белавежскай пушчы была дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы супольнага беларуска-літоўскага кінапраекту з агульным бюджэтам каля 6 млн долараў. Праз колькі тыдняў пра гатоўнасць гісторыкаў і кінематаграфістаў дзвюх краін пачаць сумесную працу над "Грунвальдам" паведаміў і Вілкайціс: "Мы вырашылі, што ў дадзенай эканамічнай сітуацыі, калі выразна бракуе сродкаў, будзе цалкам рэалістычнай творчая супраца з беларусамі", дадаўшы, што апроч гэтага існавала праблема з аўтарам і праваўладальнікамі першапачатковага сцэнара. Як расставяць акцэнты?Аднак і тут ёсць колькі нюансаў. Па-першае, скончыць працу да юбілею ў наступным годзе адназначна не паспеюць. Па-другое, апроч фінансавага складніка ёсць яшчэ і ідэалагічны, а менавіта розная інтэрпрэтацыя беларусамі і літоўцамі гісторыі ВКЛ. На думку Латушкі, задача няпростая, бо сцэнар павінен адлюстроўваць погляды на бітву абодвух бакоў. Не выключыў разыходжанні і Вілкайціс, дадаўшы, праўда, што пры папярэднім абмеркаванні ацэнкі адмыслоўцаў дзвюх краінаў наўздзіў супалі. Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў называе супольнае кіно пра Грунвальд плённай ідэяй, якую можна ажыццявіць, дасягнуўшы кансенсусу ў ацэнцы сілаў, што ўдзельнічалі ў бітве з боку ВКЛ. Аднак, паколькі фільм будзе прысвечаны канкрэтнай гістарычнай падзеі, ён лічыць, што акцэнты мусяць быць расстаўлены даволі дакладна. "Справа ў тым, што літоўская гістарыяграфія дагэтуль сцвярджае, што гэта была перамога літоўскай і польскай зброі. Натуральна, літоўцы робяць акцэнт, што ледзь не галоўную ролю ў трыумфе адыгралі яны, тое тычыцца і палякаў, - распавёў TUT.BY Арлоў. - Па-першае, трэба сказаць, што гэта была агульная перамога ВКЛ і Польскага каралеўства. Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца што да канкрэтнага колькаснага ўдзелу ў бітве. Аднак дакладна вядома, што крыжакі выставілі на бітву 51 харугву (полк). Столькі ж прывёў польскі кароль Ягайла. ВКЛ выставіла 40 харугваў на чале з князем Вітаўтам. Абсалютная большасць іх прыйшла з беларускіх земляў. Пра гэта сведчаць крыніцы. Сярод гэтых харугваў былі: Амсціслаўская, Аршанская, Ашмянская, Берасцейская, Быхаўская, Ваўкавыская, Віцебская, Гарадзенская, Драгічынская, Друцкая, Клецкая, Кобрынская, Крычаўская, Крэўская, Лідская, Лукомльская, Магілёўская, Мельніцкая, Менская, Навагародская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая, Смаленская, Старадубская, Тураўская і іншыя".Арлоў кажа, што ўкраінскімі паводле свайго складу былі 5 харугваў, а з этнічна балцкіх земляў ў гістарычных хроніках згадваецца ўсяго адна - Ковенская. "Як ні круці, нашых продкаў было там значна больш, чым балтаў. Гэта значыць, што войска князя Вітаўта было пераважна славянскім, "літоўскім" - у гістарычным, а не сучасным сэнсе гэтага слова. Гэта павінны прызнаць нашы літоўскія сябры і ўлічыць стваральнікі фільма", - перакананы аўтар гістарычных бестсэлераў. Вядома таксама, што літоўцы разглядалі магчымасць супрацоўніцтва ў стварэнні кінапраекту з палякамі. Менавіта польскі погляд на гэтую гістарычную падзею стаў асновай у папярэднім фільме пра Грунвальд - стужцы Аляксандра Форда "Крыжаносцы" 1960 года, дзе літоўцы былі паказаны "храбрымі дзікунамі ў мядзведжых скурах". Беларуская пазіцыя тады наогул не была прадстаўлена. Паводле ранейшай інфармацыі, асновай сюжэтнай лініі стане лёс двух стрыечных братоў - польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Прычым, адна з асноўных умоў літоўцаў - каб ролю Вітаўта выконваў іх актор. "У стадыі перамоваў"Што да рэжысёра, літоўцы прапанавалі як варыянт парную працу прадстаўнікоў дзвюх краінаў. Ад Літвы ідзецца пра 50-гадовага Раймундаса Баніоніса, выпускніка маскоўскай кінематаграфічнай школы. Якая кандыдатутра разглядаецца ад Беларусі - невядома. На "Беларусьфільме" карэспандэнту TUT.BY паведамілі, што пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў. Невядома таксама, хто з айчынных літаратараў і гісторыкаў будзе ўдзельнічаць у напісанні сцэнара.Карэспандэнт TUT.BY пацікавіўся ва Уладзіміра Арлова, паводле сцэнароў якога зняты пяць гістарычных дакументальных стужак, ці пагадзіўся б ён паўдзельнічаць у стварэнні "Грунвальду", калі б "Беларусьфільм" зрабіў яму адпаведную прапанову? "Мой раман з нашым кіно не склаўся. У 90-я гады я атрымліваў прапановы, напісаў некалькі сцэнарыяў, але ўсё сканчалася тым, што падпісаныя дамовы не выконваліся "Беларусьфільмам", у тым ліку з ідэалагічнай прычыны. На верхніх эшалонах тыя праекты разварочвалі: "Гэта не наш аўтар". Таму, думаю, цяжар папярэдняга няўдалага супрацоўніцтва не дазволіў бы мне пагадзіцца цяпер. Апроч гэтага ёсць аўтары больш дасведчаныя ў кінасцэнарнай справе", - рэзюмаваў аўтар. Здымаць эпапею няма каму?На думку кінакрытыка Антона Сідарэнкі, пра перспектыўнасць праекту цяжка сказаць нешта канкрэтнае, не ведаючы сцэнара і маштабу пастаноўкі. "Калі гэта фільм маштабу гістарычных эпапей, якія здымаліся ў 1960-1970 гады, дык у нас цяпер няма такой асобы, якая была б здольная яго адужаць. Баюся, у Літве таксама, - адзначыў эксперт у інтэрв’ю TUT.BY. - Каб "пацягнуць" падобны праект, трэба мець вялікі досвед маштабных здымак, батальных сцэн. Я ведаю беларускага рэжысёра, які мог бы заняцца фільмам пра Грунвальд. Але, на жаль, ён ужо не зможа гэта зрабіць. Гэта Міхаіл Пташук. З цяперашніх рэжысёраў, думаю, можа атрымацца ў Вячаслава Нікіфарава".Што да анансаванага бюджэту стужкі ў $6 млн, Сідарэнка лічыць яго "вельмі сціплым, калі плануецца паказаць бітву з сучаснымі спецэфектамі", аднак пры гэтым кажа, што рэалізоўваць яго трэба стопрацэнтова: "Нам неабходна ко-прадукцыя з нашымі суседзямі для таго, каб стварыць цікавае кіно, якое выйдзе за межы Беларусі". Цікава, што месяц назад гендырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Замяталін ушчэнт раскрытыкаваў прафесійны ўзровень айчынных кінарэжысёраў. "Шчыра кажучы, у нас мала добрых рэжысёраў. Прафесійных дзір у кожным рэжысёры, які скончыў нашу ўслаўленую, з дазволу сказаць, акадэмію, - неабмежаваная колькасць. Яны не ўмеюць працаваць з акторамі, яны малаадукаваныя ў гісторыі кінамастацтва. Яны не ўяўляюць, якое значэнне для прафесіяналізму мае неабходнасць глядзець кіно выбітных майстроў", - цытавала Замяталіна БЕЛТА.

Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY