Наступныя два гады могуць стаць бязвізавымі для турыстаў, што прыязджаюць у Беларусь з краін ЕС. Аб гэтым сёння паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга на пасяджэнні Гродзенскага гарвыканкама, на якім разглядаўся ход рэалізацыі ў Гродне Нацыянальнай праграмы развіцця турызму, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У вырашэнні гэтага пытання "ёсць разуменне з боку зацікаўленых ведамстваў і кіраўніка дзяржавы", сказаў Часлаў Шульга. Канчатковае рашэнне будзе прынята ў самы бліжэйшы час. Адмена віз для еўрапейскіх турыстаў дасць магчымасць значна актывізаваць уязны турызм, вырашыць шэраг праблем пры рэалізацыі трансгранічных турыстычных праектаў. Гаворачы аб развіцці турызму ў Гродне, намеснік міністра спорту і турызму падкрэсліў, што для яго актывізацыі неабходна ў бліжэйшыя гады стварыць непаўторны гродзенскі брэнд. "Калі вы (гродзенцы) прыдумаеце брэнд, імя, асаблівасць, якая выдзеліць горад сярод усіх іншых, вы адразу ж на парадак выйграеце, аб'ёмы турыстычных паслуг узрастуць на дзесяткі працэнтаў", - сказаў Часлаў Шульга і прывёў прыклад Полацка, які цяпер называюць "цэнтрам Еўропы". Брэнд, паводле слоў намесніка міністра, павінен працаваць на розныя мэтавыя аўдыторыі. На стварэнне брэнда Гродна могуць "спрацаваць" як каралеўскае мінулае горада, так і выгаднае геаграфічнае становішча, багатыя прыродныя рэсурсы. Акрамя таго, неабходна выкарыстоўваць з выгадай для сябе прыгранічнае размяшчэнне Гродна, прыцягваць у горад турыстаў, якія прыязджаюць у прыгранічныя тэрыторыі Літвы і Польшчы (Друскінінкай, Вільнюс, Сувалкі, Августаў). Для гэтага неабходна больш актыўна распрацоўваць трансгранічныя турыстычныя маршруты тыпу "Тры краіны за тры дні", якія прапаноўвалі б турыстам за кароткі час наведаць адразу Беларусь, Літву і Польшчу. Часлаў Шульга заклікаў гродзенскіх тураператараў і спецыялістаў па турызму гар- і аблвыканкама быць гатовымі да ўвядзення з Літвой і Польшчай бязвізавага рэжыму наведвання 50-кіламетровых прыгранічных зон, з тым каб адразу ж прапанаваць турыстам гатовыя турыстычныя прадукты і ў той жа час абараніць свой турыстычны рынак. Таксама, на думку намесніка міністра, трэба больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял "Усходняга партнёрства", уключацца ў рэалізацыю трансгранічных праектаў у галіне туріндустрыі. Неабходна больш актыўна ўкараняць і сучасныя тэхналогіі ў сферу турызму, не адставаць, а апярэджваць еўрапейскіх канкурэнтаў. У ліку такіх тэхналогій Часлаў Шульга назваў укараненне аўдые- і відэаэкскурсій, правядзенне разнастайных, у тым ліку незвычайных акцый, развіццё анімацыі, веласіпеднага, а таксама пазасезоннага турызму. Намеснік міністра выказаў упэўненасць, што праз пяць гадоў або нават раней Гродна, які мае найбольшы патэнцыял для развіцця туріндустрыі, стане "флагманам беларускага турызму".
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане